Ствараючы сям’ю, чалавек бярэ на сябе вялікую адказнасць. Мабыць, таму зараз многія маладыя людзі не рызыкуюць рана ўступаць у шлюб.
Негатыву ў гэтую сітуацыю часта “падкідваюць” родныя і знаёмыя маладых людзей, якія ў свой час паспяшаліся з выбарам “другой” палавіны, перажылі развод ці іншыя не вельмі прыемныя сітуацыі.
Але бялынічане Сяргей і Маргарыта ЖУРАВЫ не пабаяліся магчымых цяжкасцей і зараз упэўнена будуюць сваё жыццё разам. У сям’і падрастаюць трое дзетак: сын Данііл, дачушкі Меліса і Аліса. А між тым, шматдзетныя бацькі маюць статус маладой сям’і.
Карэспандэнт райгазеты распытала ў Сяргея і Маргарыты пра сакрэты сямейнага шчасця.
Мы разам…
– Восем…Не, – дзевяць гадоў, – падлічвае Маргарыта. – З таго дня, калі пазнаёміліся, вядзём адлік свайго сумеснага жыцця.
– Мы жылі на адной вуліцы ў Бялынічах, амаль што па суседстве, і не здагадваліся пра існаванне адзін аднаго, – дадае Сяргей.
Нашы дзеці…
– Наша галоўная каштоўнасць і шчасце! – у адзін голас сцвярджаюць маладыя бацькі. – Мы марылі пра вялікую сям’ю. Калі дзеці пажадаюць яшчэ браціка ці сястрычку, то не адмовім (усміхаюцца)!
– Як толькі зацяжарыла Алісай, – успамінае Маргарыта, – да нас падышла чарга на будаўніцтва кватэры. З нараджэннем трэцяй дачкі атрымалі статус мнагадзетнай сям’і і змаглі скарыстацца льготамі. Так сталі гаспадарамі прасторнай трохпакаёвай кватэры па вуліцы Мінская.
Сёлета нашу сям’ю чакае вялікая падзея: старэйшы сын Данік ідзе ў першы клас. Ён з нецярпеннем чакае 1 верасня, і мы з мужам стараемся лішнюю хвілінку з ім пазаймацца.
Сакрэты выхавання…
– У любові, – уступае ў гутарку Сяргей. – Мы з жонкай наведваем евангельскую царкву, таму стараемся выхоўваць дзяцей у свеце хрысціянскіх каштоўнасцей. Самае сур’ёзнае пакаранне для іх, калі не слухаюцца, проста перастаць з імі размаўляць.
– На самой справе, сваволяць дзеці вельмі рэдка, – дадае Маргарыта. – Хоць наш тата шмат часу заняты на працы, ён робіць у БУКП “Жылкамгас” мулярам, стараемся праводзіць разам як мага больш часу. У нашай сям’і ўсе вельмі любяць футбол, таму не толькі глядзім матчы любімых каманд па тэлевізары. Сяргей рэгулярна ўдзельнічае ў футбольных баталіях, якія праводзяцца на ФАКу “Друць”, а мы з Данікам і дачушкамі горача яго падтрымліваем. У нас ёсць яшчэ адно сумеснае захапленне – песні. Разам спяваем пад гітару, на якой муж выдатна іграе.
– Сакрэт нашага сямейнага шчасця хаваецца ў любові і павазе адзін да аднаго, – распавядае Сяргей. – Можа, хтосьці думае, што маладосць трэба прысвяціць сабе, нагуляцца ад душы… Але я гэту думку не падтрымліваю. Пакуль мы поўныя сіл і энергіі, ёсць усе магчымасці, каб і паспяхова рэалізаваць сябе і вырасціць сваіх дзяцей у правільным русле.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.