Правілы трэба выконваць

Афіцыйна купальны сезон 2019 года пачаўся з 15 мая. Да гэтай даты скончаны работы па падрыхтоўцы пляжаў і пляжнага абсталявання. Выратавальныя станцыі і пасты пачынаюць працу ў летнім рэжыме.

Самы камфортны тэмпературны рэжым для купання, калі тэмпература вады складае +18°, паветра – звыш + 20°. Але трэба памятаць, што кожны год з надыходам купальнага сезона на тэрыторыі Магілёўскай вобласці расце колькасць няшчасных выпадкаў на вадзе.

Калі ў перыяд з 2012 па 2015 гады ў нашай вобласці назіралася тэндэнцыя да зніжэння колькасці трагедый на вадзе (з 90 чалавек да 47), то ў 2016 – 2018 гадах адбыўся рост гібелі ад захлынання вадой (2016 – 52 чалавекі, у тым ліку 3 непаўналетнія; 2017 – 65/3; 2018 – 60/4).

З леташніх 60 загінулых 12 былі ў нецвярозым стане.

Асноўныя месцы трагедый – участкі рэк, вадасховішчаў, азёр, якія не ахоўваюцца. Гінуць людзі і ў каналах, канавах, ручаях, сажалках, лужынах, дзе глыбіня часам складае да 30 см. Гэта вынік падзення ў ваду паміма волі пацярпелага. І, як правіла, у тых месцах, дзе няма каму прыйсці на дапамогу. Часцей за ўсё гэта няшчасце здараецца з работнікамі лясгасаў, рыбакамі, грыбнікамі, людзьмі, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, і тымі, хто злоўжывае алкаголем.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці вызначаны 63 месцы адпачынку каля вады з арганізацыяй купання і 23 – без арганізацыі яго.

У адпаведнасці з рашэннем Бялыніцкага райвыканкама, на тэрыторыі раёна вызначаны 7 месцаў для адпачынку каля вады з арганізацыяй купання, за якімі замацаваны прадпрыемствы для падтрымання належнага санітарнага парадку.

Дазволеныя месцы адпачынку: на рацэ Друць вадаём “Слабадскі” ў г. Бялынічы; “Нежкава” на рацэ Вабіч, вёска Нежкаў; возера Заазерскае (з боку вёскі Карманоўка і з боку вёскі Заазер’е); на рацэ Аслік паблізу базы адпачынку “Глушцова такавішча”; “Пяскі” на рацэ Друць у г. Бялынічы;  возера Дачнае, вёска Няропля.

Кожнае з гэтых месц падрыхтавана для прыемнага адпачынку: тут абноўлены альтанкі, лежакі, навесы, устаноўлены стэнды з прафілактычнай інфармацыяй.

У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, на тэрыторыі раёна вызначаны пералік месцаў, забароненых для купання: “Івашкава”, рака Друць, вёска Мяльнік; “Стары мост”, рака Друць, г. Бялынічы; “Гаражны масіў”, штучны вадаём па вул. Будаўнікоў у г. Бялынічы;  вадаёмы ў аграгарадку Свяцілавічы, у вёсках Сцёхава, Вольніца, Рафалава, Васількі; возера Верхняе на рацэ Вабіч, аграгарадок Галоўчын; рака Аслік, вёска Вослеўка (каля моста); на рацэ Друць, г. Бялынічы, паблізу вуліцы Садовая; “Сілкава” на рацэ Друць у г. Бялынічы.

УВАГА! У адпаведнасці з арт. 23.63 КаАП Беларусі, купанне ў забароненых месцах цягне накладанне штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь.

Інфармацыя аб тых, хто прыцягнуты да адказнасці за адміністрацыйныя парушэнні, накіроўваецца па месцы працы ці вучобы парушальніка заканадаўства.

Правілы паводзін

на вадаёмах

Рэзкі перапад тэмператур паміж паветрам і вадой небяспечны для купання.

Вада, у адрозненне ад паветра, мае ўласцівасць паступовага прагравання. Рэзкі ўваход у ваду пры значнай розніцы тэмпературы цела чалавека і вады выклікае эфект халоднага душа. Калі рэзка скарачаюцца мышцы, абціскаюцца кравяносныя сасуды і ўнутраныя органы. Пры гэтым магчыма страта свядомасці, спыненне сэрца.

Правіла 1-ае: купанне варта пачынаць у сонечнае надвор’е пры тэмпературы вады +18-20о, паветра – +20-25о. Нельга ўваходзіць у ваду, ныраць ва ўзбуджаным, разгарачаным стане, пасля фізічнай нагрузкі, пры агульным недамаганні, дрыжыках, пераахаладжэнні.

Цеплаправоднасць вады ў чатыры разы большая, чым паветра.

Арганізм чалавека пачынае пераахалоджвацца, калі ён доўгі час знаходзіцца ў вадзе.

Неабходна ўваходзіць у ваду паступова, выраўноўваючы тэмпературу цела з тэмпературай яе. Спачатку вышэй калена, далей – вышэй за пояс і прысесці. А затым толькі плыць.

Правіла 2-ое: не ўмеючы плаваць – нельга заходзіць у ваду вышэй за пояс. Пры наяўнасці плыні тым, хто не ўмее плаваць, наогул нельга ўваходзіць у ваду, тым больш вучыцца плаваць у такіх месцах.

Правіла 3-е: не купайцеся нашча і раней за 1,5 — 2 гадзіны пасля прыёму ежы. Адпачынак каля вады, як правіла, звязаны з прыёмам ежы. У сувязі з гэтым змяняецца парадак кровазвароту. Задача арганізма ў гэты момант – забяспечыць перастраўліванне ежы. У выніку, у мышцы рук і ног паступае менш крыві, а з ёй – і кіслароду. Чалавек становіцца млявым, не здольным да фізічных нагрузак. Знаходзіцца ў вадзе, а тым больш плыць, у такі час небяспечна!

Правіла 4-ае: пры заплывах умейце правільна разлічваць свае сілы. Падчас купання не даводзьце сябе да дрыжыкаў. Памятайце, што доўгае знаходжанне ў вадзе можа прывесці да сутаргавага скарачэння цягліц і іншых негатыўных уплываў.

Правіла 5-ае: вада не любіць панікі! Што б з вамі не здарылася на вадзе – не палохайцеся. Выбірайце для купання бяспечныя, а лепш – спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы. Тэарэтычна, чалавек, які ўмее плаваць, а такім чынам і трымацца на вадзе, патануць не можа!

Помніце! Патрапіўшы на моцнае цячэнне, не плывіце супраць яго, не марнуйце сілы, а выкарыстоўвайце яго, каб наблізіцца да берага.

Апынуўшыся ў віры, набярыце больш паветра ў лёгкія, акуніцеся ў ваду і, зрабіўшы рывок у бок па плыні, усплывайце на паверхню.

Пры курчах змяніце спосаб плавання з мэтай памяншэння нагрузкі на зведзеныя мышцы і плаўна плывіце да берага. У выпадку курчы цягліц галенастопа падцягніце нагу, а затым пальцы ступні пацягніце на сябе. Магчыма, гэта давядзецца рабіць некалькі разоў. Але вы павінны памятаць пра тое, што ўмееце трымацца на вадзе.

Калі заплылі далёка ці адчулі стомленасць, адпачніце на вадзе. Змяняючы стыль плавання, вяртайцеся да берага.

Калі трапілі на ўчастак з багавіннем і заблыталіся – не рабіце рэзкіх рухаў, а лежачы на спіне, плаўнымі рухамі з дапамогай рук вызваліцеся ад яго і плывіце назад тым жа шляхам.

Гібель дарослага чалавека – трагедыя. Гібель дзіця – трагедыя ўдвайне. У апошнія гады гібель дзяцей ад задушвання вадой скарацілася. Але яна мае месца. Віной таму часцей за ўсё з’яўляецца недагляд дарослых.

Калі побач з вашай дачай, у двары ёсць любая ёмістасць з вадой – не пакідайце дзяцей без увагі!

Пры адпачынку на вадаёмах забараняецца:

— заплываць за знакі агароджы і папераджальныя;

— купацца і ныраць у забароненых і невядомых месцах;

— скакаць у ваду з дамбаў, прыстаняў, кацераў, лодак, плытоў, падплываць блізка да суднаў;

— дапускаць свавольствы, узбірацца на буі, іншыя тэхнічныя збудаванні;

— падаваць ілжывыя сігналы бедства;

— перамяшчацца ў лодцы пры катанні з месца на месца;

— выкарыстоўваць для плавання дошкі, бярвенне, надзіманыя матрацы, камеры аўтамашын і іншыя дапаможныя сродкі;

— забруджваць і засмечваць вадаёмы;

— купацца ў стане алкагольнага ап’янення.

Вада не даруе бестурботнасці, тым больш – пагарды да небяспекі.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

 

Print Friendly, PDF & Email