Спаборніцтвы ў памяць Героя

Адкрытыя спаборніцтвы па гандболе сярод дзяўчынак 2008 – 2009 гадоў нараджэння, прысвечаныя памяці Героя Савецкага Саюза Асмана Касаева, прайшлі ў ФАКуДруць”.

На працягу трох дзён юныя спартсменкі з Бялыніч, Гомеля і Наваполацка спаборнічалі паміж сабой па кругавой сістэме. Іх актыўна падтрымлівалі балельшчыкі – бацькі, сябры і проста аматары спорту.

Арганізатарамі турніра выступілі Бялыніцкая СДЮШАР і РА РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

– Такога роду і маштаба спартыўныя турніры для дзяцей праводзяцца ў нас не так часта, – адзначыў падчас адкрыцця спартыўнага мерапрыемства старшыня РА РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Віктар ПАДОЛЬСКІ. – Але для рабят гэта вельмі важна. Па-першае, дух барацьбы прымушае іх звярнуць увагу на ўласныя тактычныя і тэхнічныя памылкі і выправіць іх. Па-другое, гэта незабыўныя эмоцыі: слёзы выступаюць на вачах і ў пераможцаў, і ў тых, хто не заняў прызавое месца, але абавязкова паспрабуе зрабіць гэта ў наступным сезоне.

Вынікі спаборніцтваў атрымаліся наступныя: на пятым месцы апынулася каманда “Бялынічы-2”, на чацвёртым – “Наваполацк-2”, трэцяе дасталося камандзе “Бялынічы-1” СДЮШАР, другое – “Наваполацку-1” Наваполацкай СДЮШАР № 2, перамогу заваявала каманда “Гомель” Гомельскай СДЮШАР № 10.

Пераможцы ўзнагароджаны кубкамі, медалямі, дыпломамі і каштоўнымі прызамі, якія былі набыты РА РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” пры фінансавай падтрымцы райвыканкама. Памятнымі статуэткамі былі ўзнагароджаны шасцёра лепшых ігракоў каманд.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email