Дастойная ўзнагарода

Кажуць, чалавек можа надоўга затрымацца толькі на тым месцы працы, якое яму па душы, дзе ён змог знайсці сябе і рэалізаваць кар’ерныя планы. З упэўненасцю можна сказаць, што адна з такіх – намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Раіса РУМЯНЦАВА.

Яна працаўладкавалася ў райста больш за трыццаць гадоў таму. Пасля заканчэння Магілёўскага тэхналагічнага інстытута (зараз Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання) падчас размеркавання ёй прапанавалі пачаць кар’ерную дзейнасць у Бялынічах. І яна, па словах Раісы Іванаўны, была вельмі дарэчы, паколькі сама нарадзілася ў вёсцы Кулакоўка.

Як прыйшла ў таварыства, так тут і засталася. Праўда, з 1987 года паспела змяніць некалькі пасад.

– Пачынала сваю дзейнасць у аддзеле грамадскага харчавання, затым была кладаўшчыком, нарыхтоўшчыкам.., – расказвае Раіса Румянцава. – А ўжо ў 2010 годзе была прызначана на цяперашнюю пасаду.

Зразумела, што пасада гэта адказная, таму прызначыць на яе маглі толькі працавітага чалавека, які дакладна ведае сваю працу. Пацвярджэнне гэтаму – шматлікія ўзнагароды жанчыны.

– Лічу, каб дабіцца поспехаў у кар’еры, трэба любіць сваю справу, – адзначыла яна. – Бо яна не ў цяжкасць толькі тады, калі прыносіць радасць.

Акрамя гэтага, з першага працоўнага дня Раіса Іванаўна з’яўляецца членам прафсаюзнай пярвічкі райста. І сёлета ў намінацыі “Жыллёва-камунальная гаспадарка, бытавое абслугоўванне, гандаль, лёгкая прамысловасць” за высокія дасягненні ў працы ёй прысуджана прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Днямі ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА ўручыў Раісе Іванаўне ганаровы знак, Дыплом і грашовае ўзнагароджанне.

– Гэта самая значная з усіх узнагарод за ўвесь мой прафесійны шлях, – падкрэсліла лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. – Безумоўна, вельмі прыемна, што кіраўніцтва райста прапанавала маю кандыдатуру. Яшчэ раз пераканалася, што прафесію выбірала свядома і з дапамогай яе змагла рэалізаваць сябе.

Марыя ШУТ.

Фота БелТА.

Print Friendly, PDF & Email