Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя святкаванню “Апошняга званка” ў чацвер прайшлі ва ўстановах адукацыі раёна

Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя святкаванню “Апошняга званка” ў чацвер прайшлі ва ўстановах адукацыі раёна.

Для школьнікаў настала самая доўгачаканая і бесклапотная пара – летнія канікулы. Наперадзе тры месяцы адпачынку, якія кожны з іх, спадзяемся, правядзе з карысцю. А для 104 выпускнікоў гэты навучальны год стаў завяршальным. На ўрачыстую лінейку ў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага, дзе сёлета выпускаюцца 44 адзінаццацікласнікі, завіталі ганаровыя госці – старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ, участковы інспектар РАУС Аляксандр БАРАШКОЎ, намеснік начальніка РАНС Аляксандр ЯНКОЎСКІ і начальнік ДЭУ–74 Андрэй КОЛАСАЎ.

З прывітальным словам да школьнікаў звярнулася дырэктар школы Таццяна БАЛДЫШЭЎСКАЯ:

– Вось і падышоў да канца яшчэ адзін навучальны год. Для нашых першакласнікаў – гэта вынік адолення першай прыступкі школьнага жыцця, а для выпускнікоў – хвалюючы момант развітання з дзяцінствам і пачатак самастойнага жыццёвага шляху. Наступіла адказная хвіліна, калі вы павінны вырашыць свой далейшы лёс, акрэсліць свой жыццёвы шлях. Няхай у кожнага з вас жыве ў сэрцы гонар за сваю Радзіму, а ўсё добрае і светлае будзе побач з вамі. Выберыце прафесію па душы, працуйце добрасумленна і настойліва, прынясіце як мага больш карысці нашай краіне. Заўсёды помніце трапнае выслоўе: “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца”. Засявайце сваё жыццёвае поле зернямі веры, надзеі і любові.

Са словамі віншавання і пажадання ўсяго найлепшага ў дарослым жыцці да выпускнікоў звярнуўся і старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў:

– Навучальны год быў няпросты і напружаны, але ў той жа час радуе тое, што кожны год мы прагрэсіруем і маем пэўныя вынікі. Асаблівы дзень сёння для выпускнікоў. Яны ўступаюць у дарослае жыццё. Гэта хвалюючы момант для іх, бацькоў. Але я ўпэўнены, што тыя веды, якія яны атрымалі ў сценах школы, дазволяць ім увасобіць у жыццё ўсе мары і ажыццявіць планы.

А тым вучням, якія 1 верасня зноў вернуцца за парты, Анатоль Леанідавіч пажадаў добра і бяспечна правесці летнія канікулы, адпачыць і набрацца сіл.

Са словамі шчырай падзякі ад імя бацькоў выпускнікоў да педагогаў і адміністрацыі ўстановы адукацыі звярнуўся Станіслаў БУРКО. У сваёй прамове ён адзначыў, што школа дала іх дзецям увесь неабходны багаж ведаў, каб яны змаглі выбраць для сябе годную прафесію.

 

Марыя ШУТ.

    Фота аўтара.

 

 

Print Friendly, PDF & Email