Радасць у дзіцячых вачах
Тэатралізавана-гульнёвую праграму “Свята дзяцінства – гэта мы!”, прымеркаваную да Міжнароднага дня абароны дзяцей, правялі ў Бялынічах.
Добры настрой панаваў у суботнюю раніцу на пляцоўцы каля ФАКу “Друць”. Там была арганізавана цікавая і яркая праграма, якая не пакінула абыякавымі ні дзетак самага малодшага ўзросту, ні іх бацькоў. Маленькія артысты – удзельнікі тэатральнай студыі “Лики” МЦ “Ветразь” і ўзорнага ансамбля “Акварэлькі” ДШМ заразілі сваім пазітывам усіх прысутных: разам яны спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў актыўных гульнях.
Казачную “кніжную лаўку” падрыхтавалі для маленькіх чытачоў работнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Там рабят сустракала сапраўдная прынцэса, якая нібыта выйшла з дыснэеўскага мультфільма. Дзеткі маглі паўдзельнічаць у віктарыне на тэму казак, бяспройгрышнай латарэі.
Асаблівай папулярнасцю ў маленькіх наведвальнікаў мерапрыемства карыстаўся аквагрым “Фарбы дзяцінства”. Чарга, здаецца, не памяншалася да самага заканчэння мерапрыемства, а самі рабяты ператварыліся ў казачных герояў – ніхто не застаўся незадаволеным.
Была магчымасць і паспаборнічаць у спорце.
На працягу свята яго наведвальнікаў частавалі рознымі прысмакамі ў гандлёвай кропцы райспажыўтаварыства.
Як і ў папярэднія гады, вялікую цікавасць у дзяцей выклікала тэхніка ратавальнікаў. Самай папулярнай забавай стала, канечне, катанне на каленчатым пад’ёмніку, дзеці таксама з захапленнем залазілі ў кабіну пажарнай машыны, каб паглядзець на яе ўнутранае ўладкаванне. А самым цікаўным хлопчыкам ратавальнікі паказвалі інструменты, якімі карыстаюцца падчас надзвычайных сітуацый для выратавання людзей. Акрамя таго, РАНС арганізаваў гульнёвую пляцоўку з віктарынамі і конкурсамі, у якіх маленькія бялынічане таксама прымалі самы актыўны ўдзел. За гэта іх частавалі цукеркамі. Дарэчы, адным з самых папулярных стаў конкурс, у якім трэба было разгарнуць цукерку, апрануўшы вялізныя пальчаткі пажарнага – крагі.
Імправізаваную экскурсію для дзяцей правяла старшы матрос-ратавальнік раённага аддзялення ОСВОД Ганна ДАРАШКЕВІЧ.
– Не паспелі на самы пачатак свята, але дзецям тут вельмі цікава, асабліва старэйшаму сыну, бо ён вельмі чакае, пакуль наступіць яго чарга катацца на пад’ёмніку пажарных, – падзяліліся ўражаннямі Арцём і Аксана МІНКЕВІЧЫ.
– Завіталі на святочнае мерапрыемства з сынам і дачушкай, – кажа Алена СЕЛЯНІНАВА. – Дзеткам усё вельмі падабаецца, паглядзелі канцэртную праграму, спявалі і танцавалі разам з артыстамі. У захапленні засталіся пасля катання на пад’ёмніку, таксама паўдзельнічалі ў віктарыне РАНС. Атрыманых сёння пазітыўных эмоцый і зараду бадзёрасці хопіць яшчэ надоўга!
Акрамя таго, РК ГА “БРСМ” сумесна з РЦК арганізавалі ў Ліпавым гаі фестываль фарбаў “Холі” для маленькіх і дарослых, які паступова набывае статус традыцыйнага ў нашай краіне, у тым ліку і на Бялыніччыне. Мясцовыя жыхары любяць яго за незвычайную атмасферу, весялосць і сяброўства, якія стварае абсыпанне сухімі фарбамі. Галоўнае – пажадаць чагосьці добрага і светлага тым людзям, на якіх яны трапляюць. Яркія колеры надоўга стварылі для ўдзельнікаў фестывалю такі ж насычаны летні настрой, а ўспаміны аб ім будуць саграваць душу, напэўна, увесь год.
Галоўная мэта святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня абароны дзяцей, – гэта, перш за ўсё, іх усмешкі і радасць у вачах. Здаецца, мэта гэта была паспяхова дасягнута.
Алена БЫКАВА.
Фота аўтара і
прадастаўлена РК ГА “БРСМ”.