ІІ Еўрапейскія гульні – без віз, але з рэгістрацыяй

У прэс-цэнтр райгазеты “Зара над Друццю” завіталі супрацоўнікі групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС – старшы інспектар Вольга ШАЎЧОНАК і інспектар Галіна СТАРАВОЙТАВА, якія распавялі аб правілах уезду ў нашу краіну і рэгістрацыі тут падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

– Распавядзіце, на якіх умовах магчыма наведаць Еўрагульні жыхарам іншых краін.

Вольга Шаўчонак:

– Каб пабачыць самую маштабную спартыўную падзею года, нашу краіну наведаюць каля 30000 замежных балельшчыкаў. Акрамя таго, каля 4000 складзе агульная колькасць прыезджых спартсменаў, трэнераў і персаналу. Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі № 292 ад 24 ліпеня 2018 года “Аб мерах па падрыхтоўцы і правядзенні                 ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года”, для ўдзельнікаў іх, прадстаўнікоў сусветнага антыдопінгавага агенцтва, замежных валанцёраў і спецыялістаў бязвізавы рэжым быў адкрыты яшчэ з 20 мая бягучага года. З 10 чэрвеня па 10 ліпеня балельшчыкі таксама могуць наведаць Беларусь згодна ўмоў бязвізавага рэжыму.

– Што для гэтага неабходна?

Вольга Шаўчонак:

– Абавязкова грамадзяне іншых краін павінны мець пацверджанне – дзеючыя дакументы для выезду за мяжу, а таксама арыгінальны ці электронны білет на Еўрагульні, у тым ліку на цырымоніі іх адкрыцця і закрыцця. Дарэчы, спіс краін, у адносінах да грамадзян якіх працуе бязвізавы рэжым, пазначаны ў Дадатку да Указа Прэзідэнта Беларусі № 8 ад 9 студзеня 2017 года. У яго ўваходзяць 80 краін і адміністрацыйных раёнаў.

– Ці абавязкова трэба рэгістравацца замежным грамадзянам па прыбыцці ў нашу краіну?

Галіна Старавойтава:

– Па беларускім заканадаўстве гэта неабходна зрабіць на працягу 5 сутак у органе рэгістрацыі па месцы фактычнага часовага знаходжання. Выключэнне складаюць нядзелі і дзяржаўныя святы. Але на час правядзення Еўрагульняў для зручнасці рэгістрацыі замежных  турыстаў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі будуць працаваць і ў выхадныя. За рэгістрацыю трэба будзе заплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 1 бв. Дарэчы, калі нашы госці вырашаць спыніцца ў гасцініцы ці аграэкасядзібе, іх зарэгіструюць мясцовыя работнікі. Акрамя таго, ёсць магчымасць зарэгістравацца самім у электроннай форме па спасылцы www.portal.gov.by тым, хто перасёк Дзяржаўную мяжу (не з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі). Для гэтага трэба стварыць асабісты кабінет на партале, выкарыстоўваючы адрас электроннай пошты, затым ва ўкладцы “Даступныя паслугі” ў катэгорыі “Грамадзянства і міграцыя” заказаць патрэбную паслугу, запоўніць заяву і падаць яе ў электроннай форме. Пасля вы атрымаеце паведамленне аб рэгістрацыі, а дзяржаўную пошліну плаціць не трэба. Але для прадаўжэння тэрміну рэгістрацыі ў орган па грамадзянстве і міграцыі трэба звярнуцца асабіста.

                     Гутарыла Алена БЫКАВА.

                        Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email