З усіх шляхоў выбраць свой

29 чэрвеня ў краіне адзначаецца Дзень моладзі. Напярэдадні свята тых, ад каго залежыць будучыня нашага рэгіёна і ўсёй краіны, карэспандэнт райгазеты сустрэлася з сацыяльным педагогам і выхавальніцай СШ № 2 Крысцінай ТРОЦКАЙ.

Пасля заканчэння факультэта педагогікі МДУ імя А. А. Куляшова ў 2017 годзе яна размеркавалася ў Бялынічы.

– Дагэтуль жыла ў Магілёве, а хацелася паспрабаваць сябе на новым месцы, далей ад вялікага горада, – распавядае Крысціна. – Бялынічы – найлепшы для гэтага варыянт, бо і ад Магілёва недалёка, і магчымасці для развіцця тут ёсць.

Па словах Крысціны, калектыў вельмі цёпла прыняў яе. Кіраўніцтва школы дапамагло таксама і з жыллём: ёй прадаставілі месца ў інтэрнаце. Прафесіяналы са шматгадовым вопытам – педагогі школы часта дапамагалі дзяўчыне вырашаць бягучыя пытанні, бо маладому спецыялісту напачатку працоўнай дзейнасці не прыходзілася лёгка.

– Як сацыяльны педагог працую з сем’ямі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у тым ліку перыядычна наведваю дзяцей дома, каб праверыць іх жыццёвыя ўмовы. Часта прыходзіцца праводзіць не вельмі прыемныя гутаркі з іх бацькамі, – кажа Крысціна.

У вольны час дзяўчына займаецца спортам, наведвае ФАК “Друць” і спартыўныя секцыі ў МЦ “Ветразь”. У горадзе, дарэчы, ёсць магчымасць развівацца амаль што ў любым спартыўным накірунку: футбол, бег, плаванне і інш.

Моладзевая палітыка краіны накіравана, перш за ўсё, на тое, каб усе дзверы перад маладымі людзьмі былі адчыненыя. А ўжо за імі стаіць выбар: як выкарыстаць гэтыя магчымасці. Сваё меркаванне наконт гэтага выказала і Крысціна Троцкая:

– У Бялынічах для развіцця моладзі ёсць шмат шляхоў, трэба толькі ўмець гэта ўбачыць і скарыстацца шансам.

Алена БЫКАВА.
Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email