Свята дружбы

11 ліпеня ў Летнім амфітэатры прайшла цырымонія ўрачыстага адкрыцця XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», удзел у якой прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У сваім выступленні на цырымоніі адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” кіраўнік дзяржавы шчыра павітаў усіх, хто адгукнуўся на пазыўныя фестывалю і далучыўся да гэтага прыгожага свята – сапраўднага свята мастацтва, дружбы і ўзаемаразумення.

Адметнай асаблівасцю сёлетняй праграмы стала шырокае прадстаўленне ў ёй усіх відаў і напрамкаў мастацтваў. У іх знойдуць адлюстраванне ключавыя падзеі, у прыватнасці, тэма малой радзімы, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

12 ліпеня прайшоў Дзень Саюзнай дзяржавы. Асновай канцэрта “Саюзная дзяржава запрашае”, які традыцыйна вянчае праграму гэтага дня, сёлета стала святкаванне 50-годдзя творчай дзейнасці ансамбля “Песняры”.

З 11 па 15 ліпеня праводзіцца фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Гледачоў чакаюць тэатральныя пастаноўкі, вогненнае шоу, жывыя статуі, перфомансы, танцы, выступленні музыкантаў, артыстаў, бардаў, паэтаў і дзі-джэяў, устанаўленне рэкорда па пацалунках і многае іншае.

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” праходзіць з 8 па 17 ліпеня. Урачыстая цырымонія закрыцця фестывалю адбудзецца 15 ліпеня.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email