Тысяча трыста “кубікаў” моцы і свіст ветру за спінай

Пры слове “байкер” некаторыя людзі ўнутры адчуваюць непрыемны халадок. Маўляў, гэта тыя, хто з вечара да рання носяцца на двуколавым транспарце, перашкаджаюць спакойнаму адпачынку і ўвогуле маюць неахайны знешні выгляд. А піва і “цяжкі рок” – іх пастаянныя спадарожнікі.

На самай справе байкерскі рух ( англ. biker – матацыкліст), мода на які паспяхова дакацілася і да нашых аматараў матацыклаў, гэта цэлы пласт субкультуры са сваімі станоўчымі і адмоўнымі бакамі. У ім ёсць месца выражэнню волі, гонару, годнасці і індывідуальнасці кожнага.

– Можна ўпэўнена сказаць, што байкер – гэта стыль жыцця, – гаворыць адзін з паслядоўнікаў гэтага руху, бялынічанін Віктар ГРЫШЫН. Яго супербайк “Судзукі” нельга не заўважыць на дарогах раёна. Віктар прызнаецца, што па горадзе стараецца ездзіць на матацыкле як мага менш.

Захапленне байкерскім ладам жыцця ў Віктара Грышына пачалося ў свядомым узросце. Як і ўсе зацікаўленыя тэхнікай хлопчыкі, у дзяцінстве перабіраў з сябрамі і веласіпеды, і мапеды, і матацыклы. І прафесію выбраў адпаведную захапленню – рамонт аўтамабіляў. Але сам уліцца ў байкерскі рух не адважваўся.

– Купіць матацыкл вельмі хацеў мой брат, але ён трагічна загінуў, і мара не збылася, – распавядае Віктар. – Неяк знаёмы набыў сабе двуколавы транспарт і прапанаваў мне праехаць. Пасля гэтай паездкі пазлы пачалі складвацца ў вызначаным напрамку. Як толькі з’явілася магчымасць, набыў матацыкл, экіпіроўку, пазнаёміўся з людзьмі, блізкімі да байкерскай культуры. З сябрамі зараз наведваем розныя мотафестывалі, сустрэчы байкераў. Пабывалі сёлета ў Асіповічах, Брэсце, Баранавічах.

Вядома, занятасць на працы не заўсёды дазваляе яму часцей наведваць цікавыя мерапрыемствы, але Віктар не адчайваецца.

– У Беларусі захапляюцца матацыкламі людзі розных прафесій і розных узростаў, – гаворыць ён. – Чалавек увесь дзень можа сядзець у офісе альбо араць на трактары зямлю, а вечарам ён “асядлае вецер”. Акрамя таго, у нашым коле вельмі развіта ўзаемападтрымка. Калі на дарозе адбудзецца які інцыдэнт, сябры па захапленні абавязкова падтрымаюць і дапамогуць.

Сапраўдныя байкеры вельмі сур’ёзныя людзі, якія не будуць “газаваць” пад вокнамі дамоў, палохаць жанчын і дзяцей. Гэтым часта грашыць моладзь, якая хоча паказаць сваю індывідуальнасць.

Таксама, па словах Віктара, кожны байкер абавязаны паклапаціцца пра ўласную бяспеку. Усё ж такі вялікія хуткасці звязаны з павышанай рызыкай траўматызму. Таму адпаведная экіпіроўка – гэта не проста форс, а надзейная абарона ад магчымых вынікаў падзенняў і капрызаў надвор’я. Яшчэ адзін мінус байкерства – яго кошт. Гэта датычыцца не толькі адзення, але і запчастак для матацыкла, бо тыя ж пакрышкі на колах трэба мяняць 2-3 разы за сезон.

– Я адчуваю вялікую павагу да людзей, якія маюць сваё захапленне, – дадае Віктар. – Такі чалавек цэласны, з ім цікава пагаварыць. Той, хто праводзіць вольны час за куфлем піва ці бутэлькай гарэлкі, губляе самае важнае – жыццё. Вельмі радасна, што і сын цікавіцца маім хобі, стараюся далучаць яго па меры магчымасці.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email