25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца дзень пажарнай службы

25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца дзень пажарнай службы. Гэта прафесійнае свята тых, каму не займаць адвагі і мужнасці, хто выходзіць сам-насам са стыхіяй, дапамагае ў бядзе, рызыкуючы сваім жыццём.

Безумоўна, любая сур’ёзная надзвычайная сітуацыя адразу ж выклікае ў грамадстве страх і паніку, але мэта ратавальнікаў-пажарных – не толькі перамагчы трагедыю, але і зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць яе. Таму шмат намаганняў супрацоўнікі РАНС укладваюць у прафілактычную работу з насельніцтвам.

– Самым рэзультатыўным у плане прафілактыкі пажараў быў мінулы год, – распавядае начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ. – Сёлета ў першым паўгоддзі адбыліся 11 пажараў (у такі ж перыяд 2018 г. – 9). І гэта напрамую гаворыць аб тым, што не трэба спыняцца на дасягнутым. Пажарна-прафілактычная работа з людзьмі праводзіцца актыўна і мэтанакіравана. Інспектары нагляду і прафілактыкі РАНС  выступаюць у працоўных калектывах, на сельскіх і бацькоўскіх сходах, праводзяць маніторынгі па захаванні супрацьпажарнай бяспекі ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна. Уся неабходная інфармацыя прафілактычнага характару даводзіцца да насельніцтва праз райгазету “Зара над Друццю”. Калі хтосьці лічыць, што патрабаванні, якія прад’яўляюць супрацоўнікі РАНС, занадта высокія, адразу ж нагадваю, што кошт чалавечага жыцця значна даражэй. Лепш загадзя перастрахавацца, чым потым перажываць наступствы трагедыі. Дзякуючы тым жа аўтаномным пажарным апавяшчальнікам, якія мы патрабуем устанаўліваць у кожным жылым і рабочым памяшканні, там, дзе знаходзяцца людзі, выратавана шмат чалавечых жыццяў, захавана ад пажараў каштоўная маёмасць.

Значную дапамогу ратавальнікам аказваюць аглядальныя камісіі, якія створаны і працуюць у райцэнтры і пры кожным сельскім савеце раёна. Дзейнасць камісій  на сяле каардынуецца райсаветам дэпутатаў, а ў Бялынічах – райвыканкамам. Гэтымі органамі на пастаяннай аснове праводзяцца аналіз стану пажарнай бяспекі ў раёне і комплекс спецыяльных мерапрыемстваў, прымаюцца адпаведныя рашэнні па гэтых пытаннях.

Па словах Віталя Воранава, у першую чаргу “на алоўку” ў членаў аглядальных камісій знаходзяцца мнагадзетныя і нядобранадзейныя сем’і, адзінокія і састарэлыя жыхары раёна, грамадзяне, якія злоўжываюць спіртным. У першым паўгоддзі бягучага года абследавана 100% жылля грамадзян гэтых катэгорый. Адпраўлены 25 пісем дарослым дзецям з просьбай дапамагчы выправіць парушэнні пажарнай бяспекі ў дамах іх састарэлых бацькоў.

– У абследаваннях прыватных домаўладанняў разам з пажарнікамі ўдзельнічаюць прадстаўнікі зацікаўленых служб: медыкі, настаўнікі, сацыяльныя работнікі, міліцыянеры, працаўнікі ЖКГ, дэпутаты, – распавядае начальнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксандр САДОЎСКІ. – Напрыклад, калі ў жыллі адзінокага састарэлага выяўляюцца сур’ёзныя парушэнні пажарнай бяспекі: нельга эксплуатаваць печ ці электраправодку, а выпраўленне хібаў пакуль не прадстаўляецца магчымым па шэрагу прычын, супрацоўнікі РАНС хадайнічаюць аб тым, каб яму быў прадастаўлены сацыяльны ложак у ЦРБ ці доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. У гэтым годзе ў РАУС былі накіраваны 30 інфармацый па людзях, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, 9 – аб накіраванні грамадзян у ЛПП, па шасці – у РЦСАН для прадастаўлення ім ложка-месцаў у сацыяльных установах.

Ужо з пачатку года інспектары РАНС праверылі каля 5350 дамаўладанняў, правялі 182 выступленні ў працоўных калектывах, 174 – на сельскіх сходах. Наведалі, дзе і нагадалі аб правілах пажарнай бяспекі, 29 бацькоўскіх сходаў у школах і 14 – у дзіцячых дашкольных установах. Увогуле, навучанню дзяцей бяспечным паводзінам і правільным рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі надаецца самая вялікая ўвага.

– Пачынаючы са студзеня ў школах, садзіках і лагерах дзённага і кругласутачнага знаходжання праведзена больш за 100 прафілактычных мерапрыемстваў, – гаворыць інспектар ГПіУГ Кацярына ЛЮБІВАЯ. – У гульнёвай форме і з дапамогай каляровых памятак, размалёвак, закладак пасля сумеснага прагляду мультфільмаў дзеці атрымліваюць самае важнае – веданне правіл бяспекі. Напрыклад, як не разгубіцца падчас пажару, як паводзіць сябе ў лесе, на вадзе, падчас навальніцы і інш. Дзякуючы гэтай маштабнай рабоце ўжо колькі гадоў не рэгіструюцца няшчасныя выпадкі, якія адбыліся непасрэдна па віне дзяцей, іх свавольстве. Таксама мы ўдзельнічаем у значных мерапрыемствах і акцыях, якія праводзяцца для дзяцей і дарослых, рэгулярна робім выезды ў школы і садзікі. Каб бліжэй пазнаёміць малых з працай пажарных, арганізуем тэматычныя экскурсіі ў пажарную часць.

 

Зарукай паспяховай прафілактычнай работы пажарных з’яўляюцца адказныя адносіны да сваіх працоўных абавязкаў усяго калектыву РАНС.

– Прафесія пажарнага заўсёды звязана з рызыкай, – адзначае Віталь Воранаў. – Клопат пра бяспеку грамадзян не заканчваецца за дзвярыма пажарнай часці ці паста. З’яўляцца пажарным, значыць, быць гатовым прыйсці на дапамогу 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён у нядзелю. У нашай прафесіі выпадковыя людзі не затрымліваюцца. Пачынаючы ад дзяжурнага пульта кіравання і заканчваючы вадзіцелем, кожны робіць свой унёсак у захаванне пажарнай бяспекі. А, як вядома, бяду лепш папярэдзіць, чым ліквідаваць.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва РАНС.

Print Friendly, PDF & Email