База адпачынку ў вёсцы Прыбар, якой кіруе ХДГА “Табея”, ужо больш за 10 гадоў арганізуе летні адпачынак для дзяцей

Прыгожыя краявіды, шмат сонца, гаючае хваёвае паветра, празрыстая рака ці возера ў лагчынцы, смачная ежа, шмат новых сяброў і цікавы вольны час…Так уяўляецца многім дзецям ідэальны адпачынак у беларускім санаторыі ці лагеры.

Але, на жаль, некаторыя сем’і маюць абмежаваныя магчымасці і не могуць дазволіць сваім дзецям увасобіць мары ў рэальнасць. Асабліва гэта тычыцца сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, мнагадзетных і нядобранадзейных.

База адпачынку ў вёсцы Прыбар, якой кіруе ХДГА “Табея”, ужо больш за 10 гадоў арганізуе летні адпачынак для дзяцей з пералічаных сацыяльна неабароненых катэгорый.

– Да нас прыязджаюць рабяты з усёй Магілёўшчыны, – распавядае кіраўнік яе Ірына ДЗЯМІДАВА. – Наш лагер – не адзіны на Магілёўшчыне, які прымае дзетак указаных катэгорый, “цяжкіх” падлеткаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак, жадаючых тут адпачыць заўсёды шмат. У мінулым годзе ў нас цудоўна правялі час выхаванцы ЦКРНіР разам з бацькамі. Сёлета рабілі таксама сямейную змену для дзяцей і бацькоў, пабывалі ў нас і дзеці з прыёмных сем’яў Бялыніччыны.

Увогуле, кожны заезд доўжыцца 8-10 дзён, але за гэты час, па словах Ірыны Дзямідавай, дзеці спазнаюць шмат цікавага, набываюць новыя навыкі і ўменні, знаходзяць сяброў. У ролі выхавальнікаў выступаюць валанцёры, якія займаюцца з юнымі гасцямі базы адпачынку. Часта да іх далучаюцца валанцёры з краін Заходняй Еўропы. Падчас апошняй змены замежныя госці прывезлі дзецям у падарунак камплекты спартыўнай формы, адзенне, цацкі, прысмакі.

Ужо пачынаючы з кастрычніка ідзе актыўная падрыхтоўка да будучага летняга адпачынку, вызначаецца тэматыка змен, узроставая катэгорыя дзяцей. Арганізацыя вольнага часу выхаванцаў таксама ўваходзіць у абавязкі валанцёраў.

– Выхавальнікі, якія тут працуюць, у асноўным з ліку хрысціянскіх вернікаў, многія з іх маюць педагагічную адукацыю, хтосьці супрацоўнічае з намі шмат гадоў, – дадае Ірына Дзямідава. – Падчас кожнай змены арганізатары стараюцца падарыць дзецям як мага больш яркіх уражанняў, каб адпачынак запомніўся надоўга. У нас ёсць і традыцыйныя гульні, напрыклад, “Захоп сцяга”, дзе жыхары кожнага доміка сваёй кемлівасцю і спрытнасцю стараюцца заваяваць сцяг лагера. Таксама перад ад’ездам рабяты ўпрыгожваюць рознакаляровымі стужкамі вызначанае дрэва на тэрыторыі базы ў памяць аб сваім адпачынку.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

                   Фота аўтара і Ірыны Дзямідавай.

Print Friendly, PDF & Email