На Бялыніччыне прайшоў рэспубліканскі злёт радыёаматараў і радыёспартсменаў “Вольніца – 2019”

У пяты раз на Бялыніччыне прайшоў рэспубліканскі злёт радыёаматараў і радыёспартсменаў “Вольніца – 2019”.

Сёлета на яго прыехалі 73 ліцэнзійныя радыёаматары з усіх абласцей Беларусі, а таксама Расіі і Германіі. Многія – з сем’ямі, сябрамі. Можна смела сцвярджаць, што злёт у Вольніцы ўжо стаў адной з самых знакавых і яскравых падзей не толькі ў жыцці раёна, але і для членаў грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя радыёаматараў і радыёспартсменаў”. Кіраўнік яго Аляксандр САВУШКІН у інтэрв’ю карэспандэнту “Зары над Друццю” адзначыў, што з кожным годам у Вольніцу прыязджае ўсё больш і больш радыёаматараў, а геаграфія ўдзельнікаў пашыраецца. Фактычна, ён ужо набыў статус міжнароднага.  

– Вельмі радуе і абнадзейвае, – расказвае журналісту кіраўнік федэрацыі, – што беларускія радысты пастаянна пацвярджаюць сваё званне лепшых у Еўропе. Напрыклад, у маі ў Македоніі прайшоў 10 Кубак Еўропы па хуткаснай радыётэлеграфіі. Зборная каманда радыёспартсменаў Беларусі заваявала першае месца і 40 медалёў рознай вартасці былі здабыты імі ў асабістым заліку.

Добрыя ўмовы і пазітыўныя эмацыянальныя пасылы, якія традыцыйна забяспечваюць афіцыйны арганізатар злёту на Вольніцкім вадасховішчы Вячаслаў АСТАФ’ЕЎ і яго памочніца, вядомая беларуская мастачка Ларыса ЖУРАВОВІЧ, настройваюць усіх удзельнікаў яго на рэалізацыю максімальных вынікаў і цудоўны адпачынак у коле аднадумцаў і калег па хобі.

У Беларусі праводзяцца абласныя злёты радыёаматараў і радыёспартсменаў – у Лунінцы на Белым возеры (Брэсцкая), Слуцку на Руднянскім вадасховішчы (Мінская). Нядаўна ў Навазыбкаве прайшла сяброўская сустрэча радыёаматараў Гомельскай і Бранскай абласцей. А ў вашай Вольніцы ладзіцца найкруцейшы і, як цяпер модна гаварыць, трэндавы рэспубліканскі злёт.

Звяртае на сябе ўвагу і рознаўзроставасць удзельнікаў “Вольніцы – 2019”, не кажучы ўжо пра іх спадарожнікаў, гасцей, гледачоў-заўзятараў гэтага фэсту: ад пятнаццаці да сямідзесяці гадоў і старэй.

– Галоўнае тут, – кажа Ларыса Журавовіч, – зносіны, сумоўе, сустрэча з сябрамі, абмен досведам, знаёмства з новымі радыёаматарамі, культурна-спартыўная праграма. Заўважыла сярод гледачоў бялынічан, жыхароў Вялікай Машчаніцы, Цяхціна, Вольніцы, у ліку іх якіх і вельмі актыўны, нераўнадушны да грамадскага жыцця стараста гэтага паселішча Юрый МІХАЙЛАЎ… Паколькі на злёце дзейнічае радыёаматарскі кірмаш, у кожнага ёсць добрая магчымасць прыдбаць на месцы і нешта з патрэбных радыёдэталяў.

Праграмай злёту прадугледжвалася не толькі спаборніцтва ліцэнзійных радыёаматараў па УКВ-сувязі на партатыўных радыёстанцыях, першынства па прыёме пазыўных (праграма RufzXP) і працы ў кантэксце (праграма MorzeRunner), эксперымент-экзамен па прыёме ў адпаведнасці з рэкамендацыямі СЕРТ азбукі Морзе, але і захапляльныя мерапрыемствы спартыўнага кірунку – рыбалка, стральба з лука і пнеўматычнай вінтоўкі, валейбол, перацягванне каната; творчага – канцэрты аўтаравыканаўцы, ветэрана вайны ў Афганістане бялынічаніна Уладзіміра КАРПУХІНА, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Бялыніцкага і Чэрыкаўскага раённых цэнтраў культуры, папулярнага Магілёўскага рок-гурта “Сяргей Канаплёў і Кампанія”, вечарына бардаўскай песні.

Захапляльна для ўдзельнікаў і гледачоў прайшлі, для прыкладу, спаборніцтвы па спартыўнай рыбалцы, дзе ўдача спадарожнічала Ягору ЕРМАЛАЕЎСКАМУ і Лідзіі КАСАБУДСКАЙ, у якасці заслужаных прызоў якія атрымалі, адпаведна, вудзільна і падсак; па колцы дроў, дзе мужчыны паступілі надзвычай галантна ў адносінах да адзінай жанчыны-ўдзельніцы спабору магіляўчанкі Веры БУГЛАКОВАЙ, дадаўшы да сваіх заліковых калод па адной, тоўстай і вельмі сучкаватай, з яе набору. У выніку, Вера Іванаўна, якая, да слова сказаць нарадзілася ў Машчаніцы, заняла трэцяе месца. А роўных не было па расколцы дроў жыхару аграгарадка Цяхцін Сяргею КЛІМАВУ. Шмат гледачоў і балельшчыкаў сабралі спаборніцтвы па стральбе з лука, пнеўматычнай вінтоўкі, перацягванні каната. Да слова сказаць, арганізатары злёту прадугледзелі, каб у спартыўных спаборніцтвах, апроч радыёаматараў, маглі прыняць удзел і ўсе ахвочыя, чым тыя з вялікай радасцю і скарысталіся.

Падчас адкрыцця і закрыцця злёту адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў спартыўных спаборніцтваў і спаборніцтваў ліцэнзійных радыёаматараў.

Вячаслаў Астаф’еў адзначыў, што і сёлетнія мерапрыемствы рэспубліканскага злёту радыёаматараў і радыёспартсменаў “Вольніца” прайшлі зладжана, арганізавана, цікава і даступна.

– У гэтым бачу, – гаворыць ён, – і вялікую заслугу фундатараў яго: ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, ААТ “ПМК № 82 Вадбуд” і “Аграсэрвіс”, індывідуальных прадпрымальнікаў Мікалая ВАЛЬКОВА, Андрэя ШУТА, Віктара БЫТКОЎСКАГА, Мікалая МЯЦЕЛІЦЫ, Ірыны БЕРДНІКАВАЙ, Алены МАЗАЛЕЎСКАЙ  і іншых. Крыху падвяло райста. Забяспечылі ўдзельнікаў і гледачоў злёту цудоўнай кашай, а вось аўтамагазін да Вольніцы чамусьці так і не даехаў.

Музыкальную вечарыну “Вольніца – 2019” можна паглядзець на канале YouTube.

Чарговы і, дарэчы, юбілейны рэспубліканскі злёт радыёаматараў і радыёспартсменаў “Вольніца – 2019” ужо стаў гісторыяй. Арганізатары яго пакрысе вярстаюць праграму наступнага. Так запачаткоўваюцца і складваюцца новыя традыцыі грамадскага жыцця раёна.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email