25 ліпеня ў Беларусі адзначалася 166-годдзе з дня ўтварэння пажарнай службы

25 ліпеня ў Беларусі адзначалася 166-годдзе з дня ўтварэння пажарнай службы. З гэтай нагоды для працаўнікоў і ветэранаў РАНС, іх родных і блізкіх у кінатэатры “Зорка” адбылося ўрачыстае мерапрыемства.

Так склалася, што ратавальнікі адзначаюць два прафесійныя святы: Дзень пажарнай службы і Дзень ратавальніка. Хоць заснаванню іх спрыялі розныя падзеі, маюць яны шмат агульнага. І ў тыя далёкія часы, і цяпер, калі было створана МНС, людзі, чыёй працоўнай формай сталі баёўкі, займаюцца адной справай – аказваюць дапамогу, тушаць пажары, ратуюць жыцці.

Па словах начальніка РАНС Віталя ВОРАНАВА толькі з пачатку 2019 года пажарныя больш за 218 разоў выязджалі па трывозе на тушэнне пажараў, ліквідацыю загаранняў сухой травы, выдаленне аварыйных дрэў, ДТЗ і інш.

Загадам МНС Беларусі за дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці па выніках першага паўгоддзя 2019 года, значны ўклад у папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый, а таксама ў сувязі з прафесійным святам граматай МНС РБ узнагароджаны начальнік ПАВП № 11 Аляксандр ШУТ, нагрудным знакам МНС “Выдатнік” – вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Анатоль МІНУТКА. Памятны нагрудны знак “160 год пажарнай службе” з рук Віталя Воранава атрымалі першы намеснік начальніка РАНС Аляксандр САДОЎСКІ, начальнік ПАВП № 14 Дзмітрый БАРАНАЎ, дыспетчар ЦАК Дзмітрый МАКАРАНКА і вадзіцель ПАВП № 15 Юрый СЕМАШКЕВІЧ. Яму таксама прысвоена званне прапаршчык унутранай службы.

Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС адзначаны камандзір аддзялення ПАВП № 11 Віталь ЛАПО і дыспетчар ЦАК Кірыл ГАРБЫЛЁЎ, граматай – начальнік каравула ПАВЧ № 1 Васіль МЯДЗВЕДЗЕЎ. Супрацоўнікі РАНС Аляксандр САЎКІН, Юрый ЧЫЖЫКАЎ і Арцём СКУГАРАЎ атрымалі грашовыя прэміі ад абласнога ўпраўлення МНС.

Віншаванні з прафесійным святам выказаў ратавальнікам намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый ДАВЫДАЎ. Затым ён прыступіў да прыемнай місіі: Ганаровую грамату райвыканкама ўручыў маёру ўнутранай службы Ілью ЦІКУНОВУ за значны ўнёсак у папярэджанне і ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый, узорнае выкананне службовых абавязкаў і дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці ў першым паўгоддзі 2019 года. Ганаровую грамату і Падзячнае пісьмо райсавета дэпутатаў Дзмітрый Аляксандравіч уручыў Сяргею СКАМЕЙКУ і Дзмітрыю ГУМАРУ.

Віншаванні з прафесійным святам і падзяку за плённае супрацоўніцтва выказаў ваенны камісар Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Мікалай ГАМОЛКА. Ён уручыў юбілейны медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” начальніку РАНС Віталю Воранаву, медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” – Аляксандру Садоўскаму, Аляксандру ЯНКОЎСКАМУ і ветэрану РАНС Станіславу БУРКО, юбілейны нагрудны знак “Ваенныя камісарыяты Рэспублікі Беларусь. 100 год” Ілью Цікунову.

Віталь Воранаў адзначыў падзячнымі пісьмамі шэраг супрацоўнікаў РАНС за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, ініцыятыву і высокую эфектыўнасць у працы. Падзякі за плённае супрацоўніцтва атрымалі кіраўнікі і спецыялісты раённых служб. Сярод іх ДЭУ-74, раённага аддзялення “ОСВОД”, РА прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, РЦСАН, рэдакцыі газеты “Зара над Друццю”…

Асобых цёплых слоў і кветак былі ўдастоены на свяце ветэраны РАНС. І, па традыцыі, тых, хто загінуў падчас выканання службовых абавязкаў, ушанавалі хвілінай маўчання.

Святочны настрой віноўнікам урачыстасці стваралі працаўнікі дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі ўзорнай вакальнай студыі “Колеры”, але самым запамінальным і яркім стала сольнае выступленне падпалкоўніка запаса, ветэрана РАНС Станіслава Бурко. Ён падарыў сваім калегам і землякам выдатны канцэрт.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email