Сцяжынкамі старадаўняга і велічнага горада

Кожны год у жніўні ў старажытным Мсціславе адбываецца рыцарскі фэст, падчас якога ціхі правінцыйны горад ператвараецца ў бурлівую сталіцу сярэднявечнай культуры.

Магілёўская суполка ТБМ імя Ф.Скарыны зладзіла аднадзённае падарожжа на Мсціслаўскую зямлю, і да іх далучылася карэспандэнт раённай газеты.

Першым пунктам нашага падарожжа стаў Успенскі мужчынскі манастыр у Пустынках, што ў дзесяці кіламетрах ад горада. Манастыр яшчэ знаходзіцца на рэстаўрацыі, але на тэрыторыі яго шмат паломнікаў. Людзі едуць за вадой, якая, па легендзе, вярнула зрок сыну Мсціслаўскага князя, а таксама, каб пабачыць у будынку былой школы нерукатворны абраз Збавіцеля Хрыста. Па словах манахаў, Яго лік некалькі гадоў таму праявіўся на сцяне аднаго з пакояў.

Пасля ціхага і няспешнага манастырскага ладу жыцця Мсціслаў сустракае гулам і песнямі, як устрывожаны вулей.

Для шматлікіх гасцей горада разгарнулі працу інтэрактыўныя пляцоўкі эпохі сярэднявечча, дзейнічалі мабільная выстава рыцарскай амуніцыі пад аўтарствам вядомага рэстаўратара Сяргея НУРМАТАВА, “пакой жахаў”, дзе былі прадстаўлены прылады катавання эпохі сярэднявечча  і пажарнага абмундзіравання ХІХ пачатку ХХ стагоддзяў.

Можна было падняцца на аглядныя пляцоўкі на пажарнай вежы і касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. З іх адкрываецца цудоўны від на горад і наваколле.

Але самымі цікавымі і шматлюднымі былі мерапрыемствы, якія праводзіліся на Замкавай гары.

Магутныя рыцары ў бліскучых даспехах, шляхцюкі, манахі, велічныя дамы, старадаўняя музыка і танцы ў выкананні вядомых беларускіх гуртоў сярэднявечнай музыкі і танцаў цалкам пагружалі ў атмасферу той рамантычнай эпохі.

Агульнае захапленне ў гледачоў выклікалі выступленні воінаў-удзельнікаў гістарычных клубаў. Гэта былі і двухбаковыя паядынкі, і бугурты (калі ў спаборніцтвах удзельнічалі некалькі груп рыцараў), і не менш цікавыя гістарычныя рэканструкцыі, напрыклад, “Захоп Мсціслаўскага замка”, “Паядынак на мосце”, “Бітва за ваду” і інш. Традыцыйнымі ўжо сталі спаборніцтвы лучнікаў, выезды на конях і, вядома ж, старажытныя танцы.

Дзень нетаропка хіліўся да вечара, турыстычны аўтобус узяў курс на Магілёў, а ўнутры кожнага з нас яшчэ гучалі разлівістыя гукі бубна і дуды, ляскат мячоў і хрыпенне коней…

  Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

  Фота аўтара і з сайта Магаблвыканкама.

Print Friendly, PDF & Email