Выйшлі ў фінал і занялі ганаровыя месцы
Прадстаўнікі БУКП “Жылкамгас” прынялі ўдзел у ХVІІІ летняй абласной галіновай спартакіядзе, якая праходзіла ў Магілёве пры падтрымцы Магілёўскага абкама прафсаюза мясцовай прамысловасці і камунальна–бытавых прадпрыемстваў.
У фінальных спаборніцтвах па валейболе ўдзельнічал 16 каманд. Гульні праходзілі па алімпійскай сістэме, згодна з умовамі якой, прайграўшыя каманды адразу выбываюць з барацьбы. Бялынічане ў прамежкавым этапе выйгралі тры матчы запар, але ў фінале спыніліся ўсяго за крок ад перамогі, на ганаровым, другім, месцы, саступіўшы толькі гульцам Бабруйскага гарводаканала. Бабруйчане, да слова сказаць, з’яўляюцца шматгадовымі пераможцамі спартакіяды і прадстаўляюць Магілёўшчыну на рэспубліканскіх спраборніцтвах па валейболе. Нягледзячы на тое, што нашы спартсмены занялі толькі другое месца, яны дастойна прадставілі сябе і паказалі выдатную гульню.
Яшчэ адзін працаўнік прадпрыемства, Міхаіл ЦЕЦЕРУКОЎ, заняў ІІІ месца ў індывідуальным заліку на першынстве па гіравым спорце. Спартсмены ўзнагароджаны дыпломамі галіновага прафсаюза і грашовымі прэміямі.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота з архіва БУКП “Жылкамгас”.