Кандыдаты вылучаюцца
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання праходзіць з 8 верасня па 7 кастрычніка.
Прэтэндаваць на месца ў беларускім парламенце мае права чалавек, якому споўніўся 21 год, яму таксама неабходна пастаянна пражываць у Беларусі, не мець судзімасцяў.
Кандыдат у дэпутаты можа вылучацца трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў; ад палітычнай партыі; ад працоўнага калектыву. Заканадаўства дазваляе для вылучэння выбраць адзін або некалькі пералічаных спосабаў.
Для таго, каб вылучыцца шляхам збору подпісаў, іх на тэрыторыі сваёй акругі трэба сабраць не менш за 1 тысячу. Гэтым займаецца ініцыятыўная група вылучэнца, у складзе якой павінна налічвацца не менш за дзесяць чалавек. Рэгіструюць ініцыятыўныя групы акруговыя выбарчыя камісіі.
Адносна Шклоўскай выбарчай акругі № 90, у склад якой уваходзіць і наш раён, – гэта акруговая выбарчая камісія Шклоўскай выбарчай акругі № 90 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання, якая знаходзіцца па наступным адрасе: г. Шклоў, вул. Ленінская, 76, каб. № 200.
Можна вылучыцца і на з’ездах палітычных партый. У Беларусі іх зарэгістравана 15. Яны могуць вылучаць кандыдатаў па ўсіх 110 акругах незалежна ад наяўнасці там уласных арганізацыйных структур.
Працоўны калектыў мае права вылучыць аднаго кандыдата і толькі па той выбарчай акрузе, на тэрыторыі якой знаходзіцца прадпрыемства. Пры гэтым, на ім павінна працаваць не менш за 300 чалавек.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі – на 7 лістапада.
Міхась КАРПЕЧАНКА.