Дапусцілі парушэнні
Інспектары нагляду і прафілактыкі РАНС правялі выбарачную праверку аб’ектаў БУКП “Жылкамгас”, дырэктарам якога з’яўляецца Віктар ІВУЛЁЎ.
Падчас праверкі высветлілася, што ў кацельнях райцэнтра асобныя памяшканні выкарыстоўваюцца не па прамым прызначэнні (як спальныя пакоі). У будынках дапускаецца курэнне работнікаў, што парушае ўстаноўлены на прадпрыемстве супрацьпажарны рэжым. Дзверы эвакуацыйных выхадаў кацельняў, размешчаных у вёсках Малы Кудзін, Стараселле, Эсьмоны і аг. Вялікая Машчаніца, не абсталяваны знутры лёгкаадкрывальнымі замкамі. У многіх бытавых памяшканнях на электрычных свяцільніках адсутнічаюць ахоўныя плафоны. У кацельні аг. Цяхцін эксплуатуецца неправераны вогнетушыцель, не зроблены разлік катэгорыі складскога памяшкання па выбухованебяспечнасці.
У інтэрнаце па вуліцы Дайнекі ў калідоры дапускаецца складзіраванне розных прадметаў, а таксама курэнне пражываючых у будынку інтэрната, памяшканні выкарыстоўваюцца не па прамым прызначэнні (бялізна сушыцца на балконах у месцах эвакуацыйных выхадаў).
У інтэрнаце ў аг. Вішоў на дзвярах лесвічных клетак прылады для іх самазакрывання зламаны ці ўвогуле дэманціраваны. У жылых пакоях асобныя ўчасткі электрычнай праводкі эксплуатуюцца з пашкоджанай ізаляцыяй. Такія ж парушэнні электраправодкі выяўлены і ў майстэрнях Вішоўскага вытворчага ўчастка жылкамгаса.
У гасцініцы па вуліцы Ленінская асобныя жылыя пакоі выкарыстоўваюцца не па прамым прызначэнні.
У аддзеле па камунальных разліках адказнай службовай асобай не праведзены супрацьпажарныя інструктажы з падначаленымі работнікамі. План эвакуацыі не адпавядае патрабаванням пастановы МНС № 21 ад 20.04.2018 г. Шмат парушэнняў пажарнай бяспекі выяўлена ў вытворчых памяшканнях БУКП “Жылкамгас” па вуліцы Чырвонаармейская райцэнтра.
У дачыненні да асоб, адказных за супрацьпажарную бяспеку, распачаты адміністрацыйныя працэсы.
Юрый МАРОЗАЎ,
старшы інспектар ІНіП РАНС.