Стала маці ў знакавы дзень
У бялынічанкі Таццяны Гасымавай у Дзень маці з’явілася на свет дачушка, і жанчына стала мнагадзетнай.
Павіншаваць у радзільнае аддзяленне ЦРБ Таццяну Гасымаву прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня райарганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына ФУРСАВА, намеснік старшыні РА РГА “Белая Русь” Алена ЯРМОЛЕНКА і начальнік райаддзела ЗАГСу Наталля ЛАЗОЎСКАЯ.
Пасля правядзення ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі немаўля, яе маці пажадалі здароўя і дабрабыту, уручылі пасведчанне аб нараджэнні асаблівага ўзору, кветкі і памятны падарунак.
– Я ніколі не думала, што ў мяне будзе трое дзяцей. Але пасля нараджэння двух хлопчыкаў, як любая маці, хацела дачушку. Тое, што Ясміна народзіцца менавіта ў Дзень маці, стала для нас усіх сюрпрызам. Але так атрымалася, што Бог падарыў нам дзіця ў такое свята! Што цікава, мой другі сын таксама нарадзіўся ў гэты ж дзень. Такі двайны падарунак лёсу, – падзялілася Таццяна радасцю з прысутнымі.
Фота і тэкст Аліны ЦЫГАНІЙ.