Злачынствы ў сеціве

Сёння шмат хто з нас карыстаецца інтэрнэтам і практычна ва ўсіх ёсць старонкі ў сацыяльных сетках, электронныя паштовыя скрыні.

У інтэрнэце, на камп’ютарах мы захоўваем нашы персанальныя дадзеныя, але мала хто ведае, што электронныя сродкі захоўвання інфармацыі падвяргаюцца большай небяспецы, чым папяровыя. З году ў год колькасць злачынстваў, зробленых з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій, нязменна расце.

Калі за 5 месяцаў 2018 года ў сферы высокіх тэхналогій былі зарэгістраваны 176 злачынстваў, то за аналагічны перыяд бягучага колькасць іх вырасла да 299.

Напрыклад, узламаўшы старонку ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” грамадзяніна А., зламыснік разаслаў паведамленні яго сябрам з просьбай перавесці яму грошы, спасылаючыся на цяжкую жыццёвую сітуацыю, у якую, нібыта, патрапіў А. Сябры, мяркуючы, што яны аказваюць дапамогу знаёмаму, перавялі грошы на названыя зламыснікам нумары абанентаў мабільнай сеткі.

Каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў, выкарыстоўвайце наступныя парады:

— не запісвайце пін-код на картцы або ў лёгкадаступных месцах;

— не перадавайце нікому рэквізіты сваёй карткі;

— калі расплачваецеся карткай, трымайце яе ў полі зроку;

— ніхто не павінен ведаць баланс вашага асабістага рахунку;

— завядзіце асобную картку для банкаматаў і кладзіце на яе толькі патрэбную суму грошай;

— будзьце крайне асцярожныя з крэдытнымі (на якіх ёсць крэдытны ліміт) карткамі;

— трымайце ў сваім мабільным тэлефоне нумар сэрвіснага цэнтра банка, дзе вам выдалі картку.

   Аляксандр ДРАЗДОЎ,

   першы намеснік начальніка РАУС.

Print Friendly, PDF & Email