Каб святы не сталі трагедыяй
У Беларусі стартавала рэспубліканская акцыя МНС “Бяспечны Новы год!”.
У перыяд яе правядзення ад работнікаў МНС можна будзе даведацца, як паставіць бяспечную навагоднюю ёлку, што рабіць, каб не апынуцца ў бальніцы з-за петарды ці феерверка, чаму не трэба выходзіць на лёд, як не змерзнуць на вуліцы ў мароз і што рабіць, калі надзвычайная сітуацыя ўсё ж адбылася.
Акцыя праходзіць у чатыры этапы. У ходзе першага (па 6 снежня) ратавальнікі наведваюць дамы для састарэлых і інвалідаў, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
На другім этапе (з 9 па 17 снежня) навучаць правілам бяспекі будуць ва ўстановах адукацыі, інтэрнатах, дамах сямейнага тыпу і сем’ях, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Трэці этап (з 18 па 24 снежня). Работнікі РАНС нагадаюць аб бяспечным выкарыстанні феерверкаў у месцах продажу піратэхнічных вырабаў. Завяршальны этап (з 26 па 28 снежня) будзе праходзіць у месцах масавага знаходжання людзей. Ратавальнікі нагадаюць насельніцтву правілы бяспекі, правядуць тэматычныя віктарыны і многае інш.
Пра ўсё гэта раскажуць не толькі супрацоўнікі РАНС, але і актывісты беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.
Акцыя “Бяспечны Новы год” традыцыйна не абыходзіцца без яркіх і цікавых конкурсаў, забаўляльных праграм і масавых мерапрыемстваў.
Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА,
інспектар СПіУГ РАНС.