Як паводзіць сябе на лёдзе
Першы лёд асабліва нетрывалы і таму, каб не здарылася трагедыі, неабходна выконваць некаторыя правілы.
Са з’яўленнем першага лёду на рэчках, азёрах, сажалках нельга на ім катацца, лавіць рыбу і перапраўляцца на другі бераг. Усе месцы пакрытага лёдам вадаёма немагчыма пракантраляваць, там могуць быць рыбацкія лункі, тонкі лёд, прамоіны. Варта быць асцярожным там, дзе ёсць хуткая плынь, ручаі ўпадаюць у рэкі, а таксама ў месцах, зарослых воднай расліннасцю, паблізу дрэў, кустоў і чароту. Адзін неасцярожны рух — і можна праваліцца. Небяспечна хадзіць і катацца на лёдзе аднаму ў вячэрні час, асабліва ў незнаёмых месцах. Пры неабходнасці пераходу вадаёма па лёдзе варта ісці адзін за адным на адлегласці 5-6 м, уважліва пры гэтым сачыць за таварышамі, каб своечасова аказаць ім дапамогу, калі хтосьці пападзе ў бяду.
Аматарам падлёднай рыбалкі трэба выконваць дадатковыя меры асцярогі:
— не трэба прабіваць некалькі лунак побач;
— небяспечна збірацца вялікімі групамі на адным месцы;
— не варта рызыкаваць лавіць рыбу каля прамоіны ці зарасніку чароту;
— абавязкова трэба запасціся вяроўкай даўжынёй 12-15 метраў.
Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА,
інспектар СПіУГ РАНС.