У аграгарадку Вішоў пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю станцыя па абезжалезванні вады

У аграгарадку Вішоў пабудавана і днямі ўведзена ў эксплуатацыю станцыя па абезжалезванні вады.

На ўрачыстае адкрыццё аб’екта завіталі прадстаўнікі БУКП “Жылкамгас”, в.а. старшыні Вішоўскага сельсавета Дзмітрый КАРПІКАЎ, стараста аграгарадка Вішоў Валянціна ТАРАСАВА, настаўнікі і вучні школы, мясцовыя жыхары.

– Увядзенне ў дзеянне станцыі абезжалезвання  дазволіла значна павысіць якасць пітной вады, якой карыстаюцца жыхары сельскага населенага пункта. Утрыманне жалеза ў вадаправоднай вадзе знізілася амаль у 6 разоў і складае 0,21 мг/дм3, што нават ніжэй за дапушчальную норму, – паведаміла начальнік ВТС БУКП “Жылкамгас” Вікторыя КАРЧАГІНА. Яна адзначыла, што гэта станцыя – адна з трох, адкрыццё якіх было запланавана ў бягучым годзе. Яшчэ дзве сталі дзейнічаць у аграгарадках Галоўчын і Цяхцін. Усяго ў раёне эксплуатуюцца 5 станцый абезжалезвання вады, адна з іх – у горадзе.

– Глыбіня артсвідравіны, з якой падаецца вада, складае 104 метры. Праектная магутнасць станцыі – 20 м3 вады за гадзіну, – дадала Вікторыя Васільеўна. – Зараз пробы вады на выхадзе адпавядаюць патрабаванням СанПіну № 10-124 “Пітная вада. Гігіенічныя патрабаванні да якасці вады цэнтральных сістэм пітнога водазабеспячэння”, зацверджаным Пастановай Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача РБ № 46 ад 19.10.1999 г. Устаноўка станцый абезжалезвання праводзіцца ў рамках рэспубліканскай праграмы “Чыстая вада”. Распачаты работы па праекціраванні іх яшчэ ў двух населеных пунктах – вёсцы Заполле і аграгарадку Свяцілавічы. Іх увядуць у эксплуатацыю ў 2020 годзе.

Ад імя жыхароў Вішова падзяку камунальнікам выказаў в.а. старшыні сельвыканкама Дзмітрый Карпікаў.

– Чалавек штодзень мае патрэбу ў паветры, ежы, і вядома ж, у вадзе, – сказаў ён. – Чыстая вада – зарука здароўя ўсіх людзей. Таму нельга пераацаніць важнасць моманту адкрыцця ў аграгарадку фільтравальнай станцыі. Менавіта з такіх эпізодаў складваюцца камфортныя ўмовы нашага жыцця.

Тое, што вада ў кранах жыхароў Вішова стала лепш, пацвердзіла і стараста Вішова Валянціна Тарасава.

– Раней трэба было ваду з крана прапускаць праз фільтр, бо адчуваўся металічны прысмак. І вада, асабліва ўвосень і вясной, мела жаўтаваты колер. Зараз яна чыстая, празрыстая, а галоўнае, –смачная, – дадала Валянціна Іванаўна.

                   Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email