Пракантралявалі палявыя работы
Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці падведзены вынікі кантролю за правядзеннем у рэгіёне палявых работ.
У 2019 годзе ў сельгасарганізацыях рэгіёну намалочана 783,3 тыс. т збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы), што склала 102% да ўзроўню папярэдняга года, забяспечаны рост ураджайнасці з 26,1 ц/га да 26,8 ц/га. Намалот масланасення рапсу – 59,9 тыс. т, (107% да леташняга паказчыка), і ўраджайнасцю 15,3 ц/га, што на 1,8 ц/га больш, чым у мінулым годзе. Таксама забяспечаны рост валавага збору бульбы (128,6 тыс. т, альбо 116%) і цукровых буракоў (323,8 тыс. т, 120%), ураджайнасцю 343 ц/га і 450 ц/га, што на 84 і 33 ц/га вышэй леташніх паказчыкаў.
Кантрольнымі мерапрыемствамі былі выяўлены таксама розныя недахопы і хібы ў раслінаводстве, незадзейнічаныя рэзервы павышэння эфектыўнасці. Не ў поўным аб’ёме да правядзення палявых работ была падрыхтавана сельскагаспадарчая тэхніка. Факты неналежнай падрыхтоўкі яе, адставання ад графікаў рамонту выяўлены амаль у палове правераных сельгасарганізацый, да нарыхтоўкі кармоў – у 48%, да ўборкі ўраджаю – у 43%.
У вобласці ў бягучым годзе павялічаны аб’ёмы ўнясення мінеральных угнаенняў. Пад сяўбу яравых культур сельгасарганізацыі вобласці былі забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі на 108% да ўзроўню папярэдняга года, да сяўбы азімых культур – 140%. Аднак у асобных гаспадарках забяспечанасць угнаеннямі, асабліва фосфарнымі, была істотна ніжэй патрэбы, дапускалася сяўба без іх прымянення.
Падчас кантролю неаднаразова выяўляліся выпадкі няякаснай уборкі сельгаскультур і неабгрунтаваных страт ураджаю. У рэгіёне не ўдалося выканаць даручэнні Прэзідэнта, якія датычацца вырошчвання лёну ў частцы тэрмінаў яго сяўбы і ўборкі, нарыхтоўкі льнотрасты нумарам 1,5 (фактычны нумар нарыхтаванай ільнотрасты склаў толькі 0,9).
Парушалася тэхналогія нарыхтоўкі кармоў. У шэрагу выпадкаў іх закладка ажыццяўлялася з парушэннем тэрмінаў і без выкарыстання кансервантаў. У выніку такіх парушэнняў знізілася якасць кармоў.
Па звестках аблветлабараторыі, у бягучым годзе да 3 класа аднесена 65,2 тыс. т сіласнай масы кукурузы (3,4% ад нарыхтаванай).
У вобласці ўдалося нарыхтаваць кармоў у аб’ёмах, якія перавышаюць леташнія. Аднак патрабаванне Прэзідэнта аб наяўнасці на пачатак зімова-стойлавага перыяду ў кожнай гаспадарцы паўтарагадовага запасу травяных кармоў у поўным аб’ёме не выканана. Згодна са статыстычнай справаздачнасцю, на на 1 лістапада наяўнасць кармоў з травы складала 975 тыс. т кармавых адзінак або толькі 86% ад устаноўленага Мінсельгасхарчам разліковага паўтарагадовага аб’ёму ў памеры 1129 тыс. т. Пры гэтым даведзенае Магілёўскім аблвыканкамам заданне па нарыхтоўцы 1307 тыс. т кармавых адзінак кармоў з травы на 22 лістапада выканана на 85%, у тым ліку нарыхтавана сена – на 77% (у 6 раёнах з 21), сенажу – на 77%, сіласу – на 92% (у 6 раёнах). Заданне па нарыхтоўцы кармоў у палімерную плёнку выканана толькі на 77% (у 8 раёнах). У асобных гаспадарках вобласці забяспечанасць кармамі ў пераліку на ўмоўную галаву жывёлы ў 1,5-2 разы менш даведзенага задання.
Уборка сельгаскультур у вобласці завершана ў поўным аб’ёме. Аднак асобнымі сельгасарганізацыямі Клічаўскага, Асіповіцкага і Шклоўскага раёна, якія мелі значныя ўборачныя плошчы кукурузы на збожжа, уборка такой культуры была завершана пасля ўстаноўленага Прэзідэнтам тэрміну – 7 лістапада. Пры гэтым у ААТ “Стасеўка” Бабруйскага раёна выяўлены прыпіскі тэмпаў уборачных работ. Справаздача аб завяршэнні ўборкі была дадзена 4 лістапада, у той час як праца працягвалася па 12 лістапада.
Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.