Станоўчая дынаміка развіцця забяспечана

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Падчас сустрэчы кіраўнік Магілёўскай вобласці грунтоўна і падрабязна адказаў на пытанні, якія тычыліся вынікаў развіцця Прыдняпроўскага рэгіёну за мінулы год, актуальных задач на бягучы і блізкую перспектыву. Гаворачы аб сацыяльна-эканамічных здабытках года, што стаў ужо гісторыяй, Леанід Канстанцінавіч адзначыў: забяспечана станоўчая дынаміка развіцця Магілёўшчыны, якая стане трывалым падмуркам для далейшага руху наперад. Зроблена нямала ў будаўнічай галіне, для прыросту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай, сельскагаспадарчай прадукцыі, па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. З даведзеных вобласці шасці ключавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця выкананы чатыры.

-Мы бачым яшчэ нямала рэзерваў, – сказаў губернатар. – Іх і ўлічвалі, прымаючы рашэнне аб задачах на 2020 год. Сёлета неабходна істотна дадаць у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, будаўніцтва, павялічыць пастаўкі нашай прадукцыі і тавараў на экспарт, наблізіць харчовыя прадукты, павялічыўшы аб’ёмы іх вытворчасці, да айчыннага пакупніка, вырашыць наспелыя праблемы паўднёва-ўсходняга рэгіёну. Адной з галоўнейшых задач старшыня аблвыканкама назваў забеспячэнне атрымання сярэднемесячнай заработнай платы на канец года ў памеры не менш за 1 тысячу рублёў. Зразумела, каб атрымліваць такія грошы, неабходна значна павялічыць вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, тавараў, паслуг. Дзеля гэтага ў кожным раёне вобласці, у кожнай арганізацыі прыняты абгрунтаваныя праграмы іх сацыяльна-эканамічнага развіцця.

-Без развіцця сельскай гаспадаркі немагчыма забяспечыць дабрабыт насельніцтва рэгіёну, – перакананы Леанід Заяц. – Мінулагодні каравай Магілёўшчыны склаў 930 тысяч тон збожжа, што на 4 працэнты больш, чым было ў папярэднім годзе. Але патрэбнасць вобласці ў зерні складае больш за 1 мільён тон. Таму неабходна выходзіць на паказчык не меншы за 1,5 мільёна тон, разам з кукурузай.

Вытворчасць зерня з’яўляецца вельмі важнай справай. Зыходзячы з гэтага, у Магілёўскай вобласці пашыраны на 20 працэнтаў пасевы азімых культур, бо сёння яны найбольш ураджайныя. Зраблены таксама вялікі ўхіл на вырошчванне кукурузы на зерне. Па ўраджайнасці яна з’яўляецца бясспрэчным лідарам. Таму і будзе культывавацца сёлета на 54 тысячах гектарах замест 16 тысяч у 2019 годзе. Акрамя таго, закладзена добрая база для росту вытворчасці крыжакветкавых, пасевы якіх пашырыліся на 15 працэнтаў. Павялічаны таксама і плошчы бабовых, шматгадовых траў. Усё гэта разам паслужыць сур’ёзнай асновай для далейшага развіцця грамадскай жывёлагадоўлі, росту вытворчасці аб’ёмаў яе прадукцыі – малака, мяса. Значыць, будуць загружаны і прадпрыемствы па іх перапрацоўцы.
Адказваючы на пытанне журналіста адносна развіцця на Магілёўшчыне фермерства, губернатар адзначыў, што на тэрыторыі Прыдняпроўскага рэгіёну зараз дзейнічаюць 472 такія сялянскія гаспадаркі. У іх карыстанні знаходзіца 41,4 тысячы гектараў зямлі, у тым ліку 30,9 тыс. га – ворыўнай. На адну фермерскую гаспадарку Магілёўскай вобласці прыпадае ў сярэднім па 123 гектары зямлі, у той час як па Беларусі толькі па 72 гектары сельгасугоддзяў. У параўнанні з 2010 годам плошча фермерскай зямлі ў Прыдняпроўскім краі павялічылася больш як на 40 працэнтаў.
Фермеры Магілёўшчыны атрымліваюць падтрымку дзяржавы, удала гаспадараць на сваёй зямлі і знаходзяцца ў роўных умовах з сельгасарганізацыямі як па рэалізацыі прадукцыі, так і па ўдзелу ў ільготных дзяржпраграмах развіцця аграбізнесу.

Асноўным кірункам вытворчай дзейнасці фермерскіх гаспадарак Прыдняпроўя з’яўляецца раслінаводства, на долю якога прыпадае 90 працэнтаў усёй прадукцыі, што вырошчваецца імі. Валодаючы 3,3 працэнта ад агульнай плошчы сельгасземляў вобласці, летась яны атрымалі каля 9 працэнтаў агульнаабласнога аб’ёму бульбы, 7,5% – агародніны, 5,4 – зерня. А вось адным з вядучых паказчыкаў дзейнасці фермерскіх гаспадарак Магілёўшчыны з’яўляецца вытворчасць воўны. Яна склала амаль 33 працэнта ад агульнаабласнога ўзроўню. Нязначнай застаецца ўдзельная вага вытворчасці малака – толькі 0,9 працэнта, рэалізацыя жывёлы і птушкі на мяса – 0,3 працэнта.

-Важным момантам для развіцця фермерскіх гаспадарак, – сказаў Леанід Заяц, – з’яўляюцца дзяржаўныя праграмы, якія падтрымліваюць і дапамагаюць мадэрнізаваць і паляпшаць вытворчасць сельскагаспадарчых культур.
У Магілёўскай вобласці працягваюць развівацца фермерскія гаспадаркі. У параўнанні з апошнім дзесяцігоддзем іх гаспадарча-фінансавыя паказчыкі значна палепшыліся. А рост колькасці такіх гаспадарак гаворыць пра тое, што з’яўляюцца і новыя рабочыя месцы. У будучым можна разглядаць малыя формы гаспадарання як істотную і надзейную падтрымку аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці.

Старшыні аблвыканкама было адрасавана і некалькі пытанняў на экалагічную тэму. Для прыкладу, аўтар гэтых радкоў пацікавіўся ў Леаніда Канстанцінавіча адносна перспектыў будаўніцтва як у Бялыніцкім раёне, так і на Магілёўшчыне ў цэлым, станцый абезжалезвання вады. Як вядома, на сённяшні дзень у нашым раёне дзейнічаюць 5 такіх станцый, тры з якіх былі пабудаваныя летась. Але праблема якасці пітной вады ўсё яшчэ застаецца вострай і актуальнай.
-У Магілёўскай вобласці да 2025 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 216 станцый абезжалезвання вады, у тым ліку ў 2020 годзе – 50, – паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня аблвыканкама. – У прыватнасці, толькі ў Бялыніцкім раёне ў бягучым годзе плануецца пабудаваць 2 станцыі, а ўсяго да 2025 года – 13.
Дарэчы, у 2019 годзе ў Магілёўскай вобласці былі ўведзены ў эксплуатацыю 40 станцый абезжалезвання вады.
Таксама Леанід Заяц паведаміў журналістам пра тое, што каля аграгарадка Вішнёўка Бабруйскага раёна да 2022 года запланавана стварыць палігон для пахавання цвёрдых камунальных адходаў і пабудаваць смеццеперапрацоўчы завод. Адзіны комплекс дасць магчымасць ажыццяўляць прыём, сартаванне і далейшую перапрацоўку цвёрдых камунальных адходаў з Бабруйскай зонай абслугоўвання, куды ўваходзяць Бабруйск, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Клічаўскі і Кіраўскі раёны.

УП “Белкамунпраект”, якое выступае забудоўшчыкам, распрацавала перадпраектную дакументацыю, што прайшла ўжо экалагічную экспертызу. З лістапада мінулага года вядзецца праектаванне смеццеперапрацоўчага завода. Меркаваны аб’ём інвестыцый на будаўніцтва аб’екта складае 40 мільёнаў рублёў.
Адносна пытання аб вырашэнні праблемы транспартнай загружанасці абласнога цэнтра па Мінскім кірунку Леанід Заяц адзначыў, што ініцыятыва па вырашэнні гэтага пытання падтрымана, і яна будзе рэалізоўвацца ў некалькі этапаў. Гэтак званая “дубаль-траса” пачала ўжо будавацца ў Магілёве з далейшым выхадам яе на шашу Чэрыкаў-Магілёў у раёне Казіміраўкі.

Падрабязна і грунтоўна адказаў кіраўнік Магілёўшчыны і на пытанні журналістаў, якія цікавіліся станам развіцця, перспектывамі сацыяльнай сферы рэгіёну. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на падрыхтоўку Бялынічаў, якія сёлета стануць сталіцай ХХУІІ Дня беларускага пісьменства, да гэтага агульнанацыянальнага свята. У выніку, горад набудзе новы выгляд, на правядзенне добраўпарадкавання яго ўкладваюцца значныя фінансавыя сродкі. Не застаецца ў баку ад гэтай справы і рэспубліка.

І наогул, летась у плане добраўпарадкавання гарадоў, аграгарадкоў і паселішчаў Прыдняпроўскага краю зроблена нямала. У якасці яскравых прыкладаў губернатар назваў Глуск, аграгарадок Гарадзішча, што на Шклоўшчыне, дзе абнавілі Дом культуры, дзіцячы садзік, добраўпарадкавалі само паселішча. Многае зроблена па рамонце, рэканструкцыі ўстаноў аховы здароўя, яшчэ больш трэба выканаць сёлета і ў наступныя гады. Напрыклад, на 2020 год пастаўлена задача завяршыць работы на адпаведных аб’ектах, што маюць першаступеннае значэнне для людзей: паліклініка ў Казіміраўцы, кардыяхірургічны цэнтр абласной бальніцы, завяршыць рамонт 2 і 3 паверхаў Глускай ЦРБ…

Асабліва спыніўся Леанід Канстанцінавіч на правядзенні рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”, што знаходзіцца ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна. Па словах старшыні аблвыканкама, тут адрамантуюць і прывядуць у належны выгляд прылеглую да капліцы тэрыторыю, мемарыяльныя пліты з назвамі спаленых фашыстамі вёсак Магілёўшчыны. Акрамя гэтага, дадаткова нанясуць на іх 33 раней невядомыя вёскі рэгіёну, пацярпелыя ад жорсткіх акупантаў у час Вялікай Айчыннай вайны, і дададуць 649 прозвішчаў.
Паводле эскізнага праекту, у вёсцы з’явіцца вуліца з каркасамі спаленых дамоў і напісанымі на іх успамінамі тых, хто выжыў. Будуць устаноўлены скульптурныя кампазіцыі «Уваход», “Свіран” і “Калодзеж”, якія ўвасабляюць сабой жах той трагедыі: пустая калыска, згарэлы дом з выявай целаў людзей, якія гараць у агні; калодзеж, у якім тапілі маленькіх дзяцей. Напрыканцы гэтай імправізаванай вуліцы размесцяцца камень з пасланнем да нашчадкаў і парк, што ўвасабляе жыццё.

Мемарыяльны праект будзе рэалізаваны з выкарыстаннем сучасных светлавых і гукавых тэхналогій.
Да Вялікай Айчыннай вайны ў Борках і 6 навакольных пасёлках (Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае Поле, Хватаўка) налічвалася каля 300 двароў. Улетку 1942 года партызанскія злучэнні пачалі актыўныя дзеянні супраць захопнікаў, здзяйсняючы частыя дыверсіі па падрыву машын на шашы Бабруйск — Магілёў. Пасля адной з такіх дыверсій 15 чэрвеня 1942 года ў вёску наляцеў карны атрад эсэсаўца Дзірлевангера.
На досвітку немцы акружылі ўсе пасёлкі і Боркі і жорстка расправіліся з іх жыхарамі. Не шкадавалі ні старых, ні малых. Скончыўшы расправу, карнікі падпалілі паселішчы.

Гэта была адна з самых масавых карных акцый, накіраваных супраць мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай фашысцкімі захопнікамі беларускай тэрыторыі.

Пасля вайны самі Боркі былі адноўлены, але навакольныя спаленыя пасёлкі так і не адрадзіліся.
У памяць пра жыхароў Барок і спаленых вёсак у 1964 годзе быў устаноўлены помнік – скульптуры воіна і дзяўчыны, якая ўскладае кветкі. Па колькасці спаленых пасёлкаў усталяваны шэсць пліт памяці – як напамін аб крывавай бойні на шматпакутнай боркаўскай зямлі. У жніўні 2004 года тут была збудавана капліца ў гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых». Праз 4 гады ўстаноўлена сцяна памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці: шэсць гранітных пліт з найменнямі 112 знішчаных фашыстамі паселішчаў, дзе закладзена капсула з іх зямлёй.
Сёння вёска Боркі з’яўляецца месцам пастаяннага наведвання. Штогод у апошнюю нядзелю жніўня тут праводзіцца жалобны мітынг-рэквіем у памяць аб спаленых фашыстамі жыхарах.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падзякаваў журналістам рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі за плённую сумесную працу па аб’ектыўным інфармаванні насельніцтва і заклікаў іх яшчэ на больш высокім узроўні ажыццявіць партнёрскае ўзаемадзеянне.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота Марыям ТАБАГАРЫ.

Print Friendly, PDF & Email