Сеў, паехаў і… разбіўся

На жаль, зараз дарожна-транспартныя здарэнні не з’яўляюцца рэдкасцю. Акрамя пашкоджання “жалезных коней”, у аварыях людзі атрымліваюць траўмы і гінуць.

У 2019 годзе на тэрыторыі Магілёўскай вобласці адбыліся 405 ДТЗ, у якіх 52 чалавекі загінулі і 451 быў траўмаваны. Толькі за 20 дзён бягучага года ў 23 аварыях загінулі 8 чалавек, 31 – траўмаваны.

Сітуацыя на дарогах шмат у чым тлумачыцца свядомым парушэннем правілаў дарожнага руху. Толькі ўдумайцеся ў гэтыя лічбы: летась на дарогах вобласці супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі выявілі звыш 160 тысяч парушэнняў ПДР, у тым ліку затрымалі 2263 нецвярозых вадзіцеляў.

Сваёй бяспекай часта рызыкуюць і пешаходы, яны дапусцілі больш за 29 тысяч парушэнняў за год. Статыстыка вельмі трывожная. Удзельнікі дарожнага руху як парушалі, так і працягваюць парушаць дарожныя законы, нягледзячы на ўсе рэкамендацыі супрацоўнікаў ДАІ.

Адной з распаўсюджаных прычын траўмавання і гібелі людзей на дарозе часцей за ўсё з’яўляецца няправільны выбар вадзіцелямі хуткасці руху аўтатранспарта. Менавіта з-за гэтага ім становіцца цяжка кіраваць, а рызыка ўзнікнення ДТЗ узрастае шматкроць.

11 студзеня а першай гадзіне ночы 30-гадовы жыхар Бялыніччыны рухаўся на аўтамабілі “Аўдзі-80”. Ён не выбраў бяспечную хуткасць руху і ўрэзаўся ў металічную агароджу дарогі. Сам кіроўца і яго пасажыр з траўмамі былі шпіталізаваны ў бальніцу. Варта адзначыць, мужчына быў раней пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання за знаходжанне за рулём у нецвярозым стане.

Яшчэ адна прычына ДТЗ – абгон, вельмі небяспечны манеўр, дзе найменшая памылка можа прывесці да трагічных наступстваў. Таму кожны вадзіцель павінен памятаць: перш, чым пачаць манеўраваць, неабходна пераканацца, што паласа руху, на якую ён мае намер выехаць, вольная на дастатковай адлегласці, і ён не будзе перашкаджаць іншым транспартным сродкам.

4 студзеня ўвечары паблізу аграгарадка Сідаравічы Магілёўскага раёна вадзіцель аўтамашыны “Фальксваген Пола” выконваў абгон, не ўпэўніўся, што праезная частка дарогі свабодная, і на сустрэчнай паласе сутыкнуўся з мікрааўтобусам. Ад удару транспартныя сродкі загарэліся. Вадзіцель “Фальксвагена” і яго 13-гадовы пасажыр загінулі на месцы. Кіроўца мікрааўтобуса і 8 пасажыраў атрымалі траўмы.

Прыходзіцца таксама канстатаваць, што вялікай праблемай на дарогах застаецца знаходжанне ў нецвярозым стане вадзіцеляў і пешаходаў.

2 студзеня раніцай у вёсцы Мікалаеўка-1 Магілёўскага раёна пад коламі аўтамабіля “Форд Транзіт” апынуўся 62-гадовы мясцовы жыхар, які “адпачываў” на праезнай частцы. Святлоадбівальнымі элементамі пешаход абазначаны не быў, да таго ж, знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. У выніку ДТЗ мужчына атрымаў цяжкія траўмы. Праз некалькі гадзін ён памёр у рэанімацыі.

Сёння, калі лічбы статыстыкі фіксуюць чарговыя ахвяры ДТЗ, вадзіцелям і пешаходам трэба глыбока задумацца над тым, наколькі каштоўнае жыццё, і як недарэчна яно можа скончыцца ў аўтааварыі. Дарога не прабачае памылак. Шматгадовая практыка яшчэ раз даказвае тое, што ўзаемапавага, дысцыплінаванасць усіх удзельнікаў дарожнага руху, а таксама церпялівыя адносіны адзін да аднаго, як нішто іншае спрыяюць бяспецы на дарозе.

Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ,

інспектар АДАІ РАУС.

Print Friendly, PDF & Email