Пра сваю службу ў “гарачай кропцы” карэспандэнту раённай газеты “Зара над Друццю” распавядае воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір ЗДРУК

– Уладзімір Мікалаевіч, раскажыце, як вы патрапілі ў Афганістан.

 – У 1983 годзе перад службай у арміі ад райваенкамата прайшоў курсы ДТСААФ па скачках з парашутам. Зразумеў, што рыхтуюць з мяне дэсантніка. Пазней я трапіў у 345-ы асобны парашутна-дэсантны полк, што дыслакаваўся ў горадзе Фергана. Па дарозе туды ведаў, што пасля мы паедзем у Афганістан. Праз 2 з паловай месяца так і здарылася.

– У Фергане была нейкая падрыхтоўка, чаму вас там вучылі?

– Ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі толкам не было. Быў трэніровачны цэнтр ад батальёна, у якім мы прайшлі толькі курс маладога байца – трохі пастралялі, бегалі дзесяцікіламетровыя кросы да палігона і назад, прыгалі з парашутам.

Хтосьці да вясны заставаўся ў “вучэбцы”, а мяне прызначылі ў дэсантна-штурмавую брыгаду ў г.Гардэз, потым перавялі ў асобны батальён, які размяшчаўся ў правінцыі Лагар. А далей пачаліся вайсковыя будні: пад’ём, зарадка і далей – па распарадку. Задачай нашага батальёна было суправаджэнне калон з ваеннай тэхнікай і мірнымі грузамі. Перыядычна прыцягваліся да армейскіх баявых аперацый у складзе брыгады ў Джалалабадзе, Чырыкарскай даліне.

– Ведаючы пра вайну па чутках, і раптам патрапіць у самае пекла… Ці страшна вам было?

– Страх прысутнічае ў кожным чалавеку. Не верце таму, хто кажа, што на вайне не бывае страшна. На пачатку здаецца, што ўсё сон, і гэта адбываецца не з табой. Але мы былі загружаны рознымі заняткамі. Дарэчы, я да таго звыкся з новым жыццём, што па вяртанні дадому мяне цягнула назад, у Афганістан.

– Самы цяжкі момант службы можаце назваць?

– Памятаю, як па вяртанні з адной з першых армейскіх аперацый, нашу калону абстралялі. Паміж Кабулам і месцам дыслакацыі  батальёна бронетранспарцёр, на якім рухаліся, падарваўся на фугасе. Нас, на шчасце, выратавалі некалькі секунд. Выбуховай хваляй скінула з брані, раненне атрымаў толькі механік-кіроўца. Прапаноўвалі шпіталізацыю, але я адмовіўся. Мяне за той выпадак прадставілі да ордэна “За баявыя заслугі”, але загад дзесьці згубіўся ў Кабуле. Гэта было звычайнай справай, мне казалі: “Малады, заробіш”.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся летам 1984 года. Пры правядзенні баявой аперацыі батальён панёс сур’ёзныя страты як забітымі, так і параненымі, загінулі два мае таварышы. Было цяжка ўсё гэта перанесці.

– Як быў уладкаваны побыт салдат? Як вы жылі?

– Жылі ў палатках, там жа спалі на ложках. Часам не хапала прадуктаў, калі калоны не прапускалі душманы, даводзілася чакаць, пакуль іх даставяць на верталёце.

Падчас баявых аперацый харчаваліся сухім пайком, куды ўваходзілі тушонка, каша, цукар, галеты і, калі пашанцуе, згушчонка. Аднойчы нават падстрэлілі тушканчыка. Кухар яго прыгатаваў, былі з мясам.

– Ці падтрымліваеце адносіны з таварышамі па службе?

– Вядома, падтрымліваю. Кантактуем у сацыяльных сетках, дзелімся ўспамінамі. Мяне знайшлі сябры з розных абласцей Беларусі, з Карэліі, Крыма, Урала…

– Уладзімір Мікалаевіч, вайна ў Афганістане стала для вас сапраўднай школай жыцця?

–  Я прабыў там 22 месяцы. За гэты час вайна зрабіла мяне мужчынам. Навучыўся шанаваць ваду і хлеб, мірнае неба над галавой, бацькоў, дом, сям’ю. Гэта была школа мужнасці, дзе ўсё было сапраўдным: і ворагі, і сябры. І калі б можна было пражыць жыццё зноўку, я зноў выбраў бы дарогі Афгана. І служыць пайшоў са сваімі сябрамі. Мы не сумняваліся, што, выконваючы свой воінскі абавязак у чужой краіне, служым сваёй Радзіме. Успамінаю пра гэта без шкадавання, гэта шмат значыць для мяне.

– Як склалася ваша жыццё пасля таго, як вярнуліся дамоў?

– Пасля Афгана вярнуўся ў Бялынічы, ажаніўся. Я шчаслівы, дзеці растуць, што яшчэ трэба? працую ў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”. А пра вайну стараюся не ўзгадваць, хіба што зрэдку гляджу ваенныя фільмы. Добрыя фільмы пра вайну – гэта калі паглядзіш іх і ваяваць не хочацца.

Аліна ЦЫГАНІЙ.

Фота з асабістага архіва

Уладзіміра ЗДРУКА.

Print Friendly, PDF & Email