У рамках прафарыентацыйных мерапрыемстваў вучні СШ № 2 райцэнтра пабывалі з экскурсіяй у ДЭУ-74

Галоўны інжынер арганізацыі Анатоль  ХАДАНОВІЧ распавёў школьнікам, якімі работамі займаюцца працаўнікі ДЭУ-74, сказаў, што да Дня беларускага пісьменства яны добраўпарадкуюць 17 вуліц райцэнтра, а таксама месца адпачынку “Глінішча” па вуліцы Калініна.

У гутарцы з дзецьмі Анатоль Анатольевіч зрабіў акцэнт на тым, каб яны не выкідвалі на дарогі смецце.

– Чысціня на праезнай частцы – гэта не толькі прывабны знешні выгляд, а яшчэ і бяспечны рух. Таму захоўвайце чысціню на дарогах самі і нагадвайце пра гэта сябрам і блізкім. Для тых, хто смеціць, прадугледжаны сур’ёзныя штрафы, – дадаў галоўны інжынер.

Звярнуў увагу на ўласную бяспеку дзяцей пры ўдзеле іх у дарожным руху інспектар АДАІ РАУС Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ. Ён нагадаў пра абавязковае выкарыстанне святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак, а таксама рэкамендаваў хлопчыкам і дзяўчынкам быць асабліва пільнымі пры пераходзе ажыўленых вуліц горада.

Пасля Анатоль Хадановіч і інжынер па ахове працы Раіса САВІЦКАЯ правялі школьнікаў па тэрыторыі арганізацыі, паказалі дарожную будаўнічую і абслугоўваючую тэхніку. Самыя цікаўныя рабяты нават пасядзелі за рулём грэйдара, асфальтаўкладачнага катка і снегаўборачнай машыны. Дзеці пабывалі таксама ў дыспетчарскай, дзе ў рэжыме анлайн вядзецца назіранне за некаторымі ўчасткамі абслугоўваемых дарог, правяраюцца стан дарожнага пакрыцця, умовы надвор’я і іншыя фактары, якія ўплываюць на бяспеку руху аўтатранспарту. Дзякуючы аператыўным дзеянням дыспетчараў на дарогах раёна своечасова праводзяцца рамонтныя і сезонныя абслугоўваючыя мерапрыемствы.

Школьнікі прайшліся і па адміністрацыйным будынку, дзе пазнаёміліся з працай інжынерна-тэхнічных работнікаў, даведаліся, якія навучальныя ўстановы трэба скончыць, каб атрымаць прафесію, звязаную з будаўніцтвам і абслугоўваннем дарог.

Усе дзеці атрымалі ад экскурсіі шмат станоўчых уражанняў і карыснай інфармацыі, а таксама невялікія падарункі – камізэлькі са святлоадбівальнымі элементамі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email