Спаборніцтвы сапраўдных патрыётаў

У мэтах выхавання ў вучняў пачуцця патрыятызму, навучання выконваць страявыя прыёмы ў Цяхцінскім ВПК ДС СШ прайшоў агляд строю і песні, прымеркаваны да свята Дня абаронцаў Айчыны.

У гэтай установе падобны конкурс праводзіцца ўжо не першы год. Пачаўся агляд са здачы рапартаў камандзіраў атрадаў, якія прымаў настаўнік фізічнай культуры Генадзь ТРАЦЦЯКОЎ. Потым каманды спаборнічалі ў пастраенні, хадзьбе страявым крокам, выконвалі тэматычныя задачы, а па завяршэнні агляду прайшлі строем з патрыятычнай песняй.

Для вучняў трэцяга класа гэта было сур’ёзным выпрабаваннем, бо ў такім спаборніцтве яны прымалі ўдзел упершыню. Але яны вельмі імкнуліся выканаць усе элементы страявой падрыхтоўкі. Больш выразна і зладжана выступілі старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Некаторыя з іх ужо не першы раз паказваюць сваё майстэрства.

Ацэньвала выступленні канкурсантаў кампетэнтнае журы: старшыня Цяхцінскага сельвыканкама Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ, спецыяліст ААТ “Новая Друць” Вольга БЕЛЬСКАЯ, прадстаўнік ВЧ 72471 гвардыі старшы лейтэнант Андрэй РУДАБЕЛЬСКІ, начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Аляксандр ПШЫХОДСКІ, маёр запаса Мікалай КАВАЛЁЎ.

У выніку творчага спаборніцтва лепшымі ў сваіх узроставых катэгорыях сталі вучні 4, 6 і 11 класаў.

– Адзначаны ўсе каманды, – кажа член журы Аляксандр Пшыходскі. – Некаторыя лепш праявілі сябе ў страявой падрыхтоўцы, іншыя – добра спявалі, многія юныя камандзіры паказалі сябе сапраўднымі лідарамі.

Сярод тых, каго назвалі лепшымі, былі і дзяўчынкі: яны нароўні з хлопчыкамі ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, прысвечаным святу абаронцаў Айчыны. Несумненна, такія школьныя мерапрыемствы дапамагаюць выхоўваць сапраўдных патрыётаў.

Напрыканцы агляду ўсе каманды былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі. А гвардыі старшы лейтэнант Андрэй Рудабельскі прадэманстраваў дзецям інвентар, які выкарыстоўваюць вайскоўцы. Яны апраналіся ў ахоўны касцюм, разглядалі мінашукальнік і іншыя рэчы, разбіралі і збіралі вучэбны аўтамат.

                    Дзмітрый ЦІХАНАЎ.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email