Важнейшы дакумент
15 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень Канстытуцыі. 26 гадоў Беларусь жыве па Асноўным Законе, прынятым Вярхоўным Саветам у гэты дзень у 1994 годзе.
У 1996 і 2004 гадах у Канстытуцыю былі ўнесены змены і дапаўненні.
Сёння важнейшы ў жыцці краіны дакумент уключае прэамбулу, 9 раздзелаў з 8-ю главамі і 146-цю артыкуламі. У іх — вопыт папярэдніх пакаленняў, ключавых момантаў у гісторыі, традыцыі і культурныя асаблівасці нашага народа. У некаторай ступені Канстытуцыя з’яўляецца адлюстраваннем менталітэту, люстэркам жыцця краіны, якая мусіць развівацца разам з грамадствам.
Традцыйна напярэдадні гэтай важнай даты па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя цырымоніі ўручэнні пашпартоў. У такой святочнай атмасферы галоўны дакумент кожнага грамадзяніна ўчора атрымалі і 17 самых актыўных, таленавітых і творчых вучняў устаноў адукацыі раёна.
МЕРКАВАННЕ
Андрэй САЛАНІНКА,
старшыня райсавета дэпутатаў:
— У паўсядзённых справах мы не так часта задумваемся, што вызначае наш прававы статус, кірунак жыцця і дзейнасці, узаемаадносіны паміж дзяржавай і грамадствам, стабільнасць развіцця краіны. А ўсё гэта трымаецца менавіта на Канстытуцыі.
У ёй замацаваны правы на працу, адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, забеспячэнне старасці… Яны не проста дэкларыруюцца, а гарантуюцца дзяржавай. Такім чынам, можам рабіць вынік: Галоўны Закон нашай краіны працуе. А магчыма гэта пры каардынацыі дзеянняў усіх галін улады, у тым ліку органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Так, раённы Савет дэпутатаў працуе ў рамках Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”. Уся наша дзейнасць нацэлена на рэалізацыю галоўнай задачы — павышэнне ўзроўню развіцця жыцця і дабрабыту грамадзян. Саветы — гэта першая ступень прадстаўнічай улады, якая ўзаемадзейнічае з людзьмі на месцах. Аднак мы імкнёмся працаваць на апярэджанне. Старшыні сельвыканкамаў павінны валодаць інфармацыяй, даваць тлумачэнні і, не здымаючы з сябе адказнасці, даносіць праблемы жыхароў да раённай улады.
Мяркуецца, праз некаторы час у Канстытуцыю будуць унесены змены.
Меру гэту лічу апраўданай, бо яна мусіць удасканаліць сістэму законаў дзяржавы, мець станоўчы ўплыў на эфектыўнасць інстытута ўлады, эканамічныя працэсы ў краіне, а таксама практычныя вынікі ў выглядзе паляпшэння жыцця людзей.
Вольга НАБОКАВА.
Фота аўтара.