Падтрымаюць і дапамогуць

На Магілёўшчыне, зрэшты, як і ва ўсёй краіне, прымаюцца адэкватныя меры для рэагавання на сітуацыю з COVID-19. Усе яны накіраваны, у першую чаргу, на папярэджанне распаўсюджання інфекцыі і аказанне медыцынскай і сацыяльнай дапамогі тым, хто асабліва мае ў ёй патрэбу. З улікам эпідэмічнай сітуацыі скарэктавана праца некаторых сфер і служб раёна.

МЕДЫЦЫНА

Павел МАНЬКО, галоўны ўрач ЦРБ:

– З мэтай папярэджання захворвання насельніцтва на COVID-19 арганізаваны спецыяльны рэжым працы паліклінікі з прыярытэтам аказання медыцынскай дапамогі на доме жыхарам раёна пажылога ўзросту, пацыентам з хранічнымі захворваннямі. У тым ліку ажыццяўляецца выпіска лекавых рэцэптаў, агляд пацыентаў з павышанай тэмпературай і выдача лістоў непрацаздольнасці па месцы пражывання, а таксама дастаўка на дом медыкаментаў у сельскай мясцовасці.

Жыхарам раёна рэкамендуем часова адкласці планавыя праходжанні ўсіх відаў абследванняў. Тым жа, хто збіраецца наведаць паліклініку, нагадаю, што для пацыентаў з павышанай тэмпературай арганізаваны асобны ўваход у інфекцыйны кабінет.

Звяртаючыся да грамадзян, якія прыбылі з краін з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй па каранавірусе, альбо тых, хто з’яўляецца кантактам першага (пры цесных адносінах з хворым) ці другога ўзроўняў (кантакт быў, але непрацяглы і не цесны), хачу нагадаць: калі ў вас павышаная тэмпература цела, кашаль, цяжкае дыханне і заложанасць носа – лепш заставайцеся дома, патэлефануйце ў рэгістратуру ЦРБ ці сельскія ўстановы аховы здароўя. Патлумачце, што вас трывожыць, і чакайце прыбыцця хуткай дапамогі.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэлефонах рэгістратуры: 78-080 (трэці паверх), 78-929 (першы паверх).

 З 24 сакавіка праца цэнтральнай раённай аптэкі ў буднія дні павялічана на дзве гадзіны (з 8.00 да 22.00).

Вольга ДАЛГАЛЁВА,

урачэпідэміёлаг райЦГЭ:

– Лабараторыя Магілёўскага абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя пачала рабіць аналізы на наяўнасць інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19.

Яны праводзяцца толькі па накіраванні ўрача, а таксама пацыентам, якія патрапляюць у лячэбныя стацыянарныя ўстановы аховы здароўя з цяжкай формай пнеўманіі, незалежна ад таго, наведвалі яны ці не краіны, дзе былі выяўлены выпадкі каранавіруса.

Адзначу, што дагэтуль такія даследаванні праводзіліся ў РНПЦ эпідэміялогіі і мікра-біялогіі, што ў Мінску. На сёння магчымасці Магілёўскай лабараторыі складаюць 200 аналізаў за суткі. Як паведамлялася, выпадкаў заражэння COVID-19 у Магілёўскай вобласці не выяўлена.

Што тычыцца сезоннага захворвання на ВРВІ ў Прыдняпроўскім краі, то яно знаходзіцца на ўзроўні шматгадовых сярэдніх паказчыкаў. Маецца невялікі працэнт росту ВРВІ сярод дарослых, але па-ранейшаму вялікую частку хворых складаюць дзеці. Калі ваша дзіця прастуджана, яно не павінна наведваць дзіцячы садок, школу. Гэтым вы паклапоціцеся не толькі пра здароўе свайго сына ці дачкі, але і не падвергнеце навакольных рызыцы заразіцца. 

У чарговы раз хочацца нагадаць аб штодзённых прафілактычных мерах, якія павінен выконваць кожны. Перш за ўсё гэта тычыцца пастаяннага мыцця рук з мылам. Вяртаючыся з вуліцы, старайцеся ні да чаго не дакранацца і адразу ідзіце ў ванную. Калі такой магчымасці няма, апрацоўвайце рукі антысептыкам. Паверхні, да якіх часта дакранаецеся, – дзвярныя ручкі, клавіятура і камп’ютарная мышка – пастаянна апрацоўвайце дэзрастворам.

  ГАНДАЛЬ

Таццяна КУНЕЦ, намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства:

– У мэтах прафілактыкі распаўсюджвання інфекцыі на аб’ектах грамадскага харчавання часова зменшана колькасць пасадачных месцаў. Скарэктавана і праца аўталавак. Па запытах насельніцтва робяцца дадатковыя прыпынкі ў населеных пунктах, павялічаны рэжым працоўнага дня прадаўцоў у іх.

Для пажылых адзінока-пражываючых грамадзян і інвалідаў магчыма бясплатная дастаўка харчовых тавараў на дом у Бялынічах. Для гэтага неабходна патэлефанаваць ва ўніверсам “Ластаўка” па нумары 73-041 з 8.00 да 18.00 і пакінуць адпаведную заяўку на суму ад 25 руб.

 

Марына ШАБУСАВА,

першы сакратар райкама ГА “БРСМ”:

– Гарачыя тэлефонныя лініі для арганізацыі дапамогі пажылым людзям, у тым ліку па дастаўцы ім прадуктаў харчавання першай неабходнасці, працуюць у кожным тэрытарыяльным камітэце “БРСМ”. Пакідаць адпаведныя заяўкі можна кожны дзень – з панядзелка па суботу ў перыяд часу з 9 да 18 гадзін.

Працуючы ў гэтым кірунку разам з ТЦСАН і таварыствам Чырвонага Крыжа, мы зможам арганізаваць сваю працу па аказанні дапамогі такім людзям больш якасна і аператыўна.

Тэлефон гарачай лініі Бялыніцкага РК ГАБРСМ”:  (8 02232) 72-540.

У той жа час гаворка ідзе не пра ўборку прыдамавых тэрыторый, колку дроў і мыццё вокнаў. Гэта мы абавязкова зробім пазней, і ад такой працы не адмаўляемся. Сёння нашы валанцёры запатрабаваны ў аператыўнай дастаўцы прадуктаў альбо медыкаментаў – гэта першачаргова.

Валанцёры экіпіраваны сродкамі індывідуальнай абароны, імяннымі бэйджыкамі. Для іх праводзяцца інструктажы аб абароне ад інфекцыі і асаблівасцях працы з грамадзянамі ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса.

  САЦЫЯЛЬНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ

Алена КРУПЕНЬКІНА, дырэктар РЦСАН:

– Работнікі сацыяльнай службы Бялыніччыны гатовы дапамагчы з дастаўкай прадуктаў і лекаў на дом пажылым людзям і інвалідам.

За атрыманнем такой дапамогі трэба звяртацца ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пры ўдзеле сацыяльных работнікаў, стараст вёсак і садзейнічанні членаў аглядальных камісій вывучана патрэбнасць слабаабароненай катэгорыі грамадзян у дастаўцы на дом прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці і лекавых сродкаў.

У цяперашні час наша ўстанова пераведзена на пашыраны рэжым працы: панядзелак – субота з 8 да 18 гадзін, нядзеля – з 8 да 13. У кожным ТЦСАН адкрыта гарачая тэлефонная лінія: за кошт асабістых сродкаў пажылы чалавек ці інвалід можа зрабіць заяўку на набыццё прадуктаў, прадметаў першай неабходнасці, медыкаментаў.

Устаноўлены асаблівы кантроль і за здароўем сацыяльных работнікаў, якія кантактуюць з насельніцтвам.

Неабходна адзначыць, што дапамога адзінокім і адзінока пражываючым пажылым, інвалідам праз сетку тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва арганізавана такім чынам, каб не дапусціць махлярства.

– Каб засцерагчы такіх людзей ад магчымых дзеянняў махляроў, дастаўка прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і медыкаментаў арганізавана па спецыяльным алгарытме. Паступае тэлефонны званок ад грамадзяніна. Яму адразу гаворыцца, калі, у які час прыйдзе сацработнік або валанцёр, называецца яго прозвішча, імя і імя па бацьку. І абавязкова пры сабе ён будзе мець дакумент, які сведчыць асобу. Па магчымасці, памочнік, які першапачаткова аказаў паслугу дастаўкі, будзе замацоўвацца за пажылым або інвалідам на ўвесь час яе дзеяння.

Ніякіх дамоў на аказанне паслугі не складаецца, але памочнік разам з пакупкамі аддае заяўніку і чэкі. Калі ўзнікае неабходнасць, бакі могуць падпісаць акт прыёмкі-перадачы дастаўленых рэчаў.

Актыўна задзейнічаны ў рабоце па забеспячэнні рэчамі першай неабходнасці пажылых людзей, абмежаванні іх кантактаў па-за домам члены таварыства Чырвоны Крыж, “БРСМ”, работнікі паштовай сувязі.

Тэлефон гарачай лініі Бялыніцкага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: (8 02232) 79-474.

 Марына РУДЗЬКОВА, начальнік Бялыніцкага ўчастка паштовай сувязі Магілёўскага філіяла РУП “Белпошта”:

– З мэтай стварэння дадатковай абароны ад распаўсюджвання вірусных інфекцый для пажылых людзей і асоб з хранічнымі захворваннямі РУП “Белпошта” арганізоўвае выплату пенсій (дапамог) на доме. Каб атрымаць такую сацыяльную паслугу, жадаючыя для арганізацыі візіту паштальёна на дом могуць звярнуцца ў аддзяленне паштовай сувязі, якое іх абслугоўвае. Адначасова можна будзе ажыццявіць аплату камунальных плацяжоў, адпраўку паштовых адпраўленняў, выпіску друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

Заяўку можна падаць і праз кантакт-цэнтр РУП “Белпошта” па тэлефоне 154.

 

  Міхась КАРПЕЧАНКА.

  Вольга НАБОКАВА.

         Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК і Дзмітрыя ЦІХАНАВА.

Print Friendly, PDF & Email