Цёплае вясновае надворе асабліва спрыяе росту і інтэнсіўнасці дарожнага руху. Працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў  распачынаюць пасяўную кампаніюна дарогі выязджаюць сельгасмашыны і мотатэхніка. Таксама і школьнікі адправіліся на вясновыя канікулы, а гэта значыць, колькасць  пешаходаў на вуліцах райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў павялічваецца шматкроць.

Аб тым, якую работу па захаванні бяспекі на дарогах і вуліцах праводзяць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, карэспандэнту раённай газеты распавёў часова выконваючы абавязкі начальніка АДАІ РАУС Канстанцін НІКІФАРАЎ.

Канстанцін Алегавіч, распавядзіце аб сітуацыі, якая склалася на дарогах Бялыніччыны ў бягучым годзе.

– За тры першыя месяцы 2020 года ў нашым раёне адбылося 1 ДТЗ, у ім два чалавекі атрымалі траўмы. Выяўлены 7 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, і 46 “бяспраўнікаў”. Прыцягнуты да адказнасці 17 п’яных пешаходаў, якія знаходзіліся на праезнай частцы дарогі, тым самым ствараючы небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху. 40 вадзіцеляў патрапілі ў поле зроку супрацоўнікаў АДАІ за тое, што не прапусцілі пешаходаў на нерэгулюемых пешаходных пераходах.

– З пачаткам цёплых дзён на дарогах з’яўляецца ўсё больш матацыклістаў і веласіпедыстаў…

– Гэтыя катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху найбольш уразлівыя і, як паказвае шматгадовая практыка, яны даволі часта з’яўляюцца віноўнікамі ДТЗ. У сувязі з гэтым хацеў бы нагадаць вадзіцелям быць больш пільнымі, а аматарам мотатранспарту строга выконваць ПДР, заўсёды апранаць моташлемы і рухацца толькі з уключаным бліжнім святлом фар.

Вядома, што моладзі хочацца паганяць на матацыклах, паказаць эфектныя трукі. Але гэтым ні ў якім разе нельга займацца на дарогах агульнага карыстання. Артыкул 18.14 КаАП Беларусі прадугледжвае пакаранне за “ліхую” язду ад 5 да 10 бв з магчымым пазбаўленнем правоў кіравання транспартам на тэрмін да 6 месяцаў.

Асаблівую небяспеку на дарогах ствараюць нецвярозыя пешаходы і вадзіцелі. Калі вы станеце сведкам таго, што хтосьці, выпіўшы, сядае за руль або знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення на праезнай частцы, тэлефануйце ў міліцыю па тэлефонах: 71-220, 8 (029) 747-89-65, 8(029) 330-47-76 або 102. Ваша неабыякавасць дапаможа прадухіліць магчымую непапраўную трагедыю.

– Зараз распачаўся цыкл сельскагаспадарчых работ. Якія мерапрыемствы праводзяць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі па захаванні бяспекі на дарогах і ў тым ліку бяспечнага правядзення пасяўной?

– Мы правялі маніторынг ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна па гатоўнасці тэхнікі і агрэгатаў, якія будуць задзейнічаны ў пасяўных работах. Усяго правераны 1047 адзінак сельгастэхнікі. Выяўлены 22 транспартныя сродкі, якія не мелі адзнакі аб пройдзеным дзяржтэхаглядзе.

Кіраўнікам сельгасарганізацый і адказным асобам выдадзены 5 прадпісанняў на ўхіленне парушэнняў, а гэта разукамплектаванне тэхнікі, адсутнасць адзнакі аб пройдзеным дзяржтэхаглядзе, парушэнне перад- і паслярэйсавага кантролю вадзіцеляў і механізатараў. Адзін работнік АПК прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за допуск да ўдзелу ў дарожным руху транспартнага сродку з няспраўнасцямі.

Нагадваю таксама кіраўнікам і адказным асобам сельгасарганізацый аб неабходнасці абазначэння буйнагабарытнай сельгастэхнікі і агрэгатаў сігнальнымі маячкамі аранжавага колеру і святлоадбівальнымі элементамі. Яны будуць прыцягваць увагу вадзіцеляў хуткаснага аўтатранспарту і тым самым дапамогуць ім хутчэй сарыентавацца на дарозе, не дапусціць сутыкнення з сельгасмашынамі.

– Актуальнай застаецца тэма бяспекі дзяцей на дарогах?

– Безумоўна! На Магілёўшчыне з пачатку года ў ДТЗ пацярпелі 11 непаўналетніх, 1 – загінуў. Пад эгідай ДАІ рэгулярна праходзяць акцыі, накіраваныя на арганізацыю бяспечнага знаходжання дзяцей на дарогах, строгае выкананне імі і іх бацькамі правіл дарожнага руху.  Рэгулярна нашы супрацоўнікі наведваюць школы раёна, праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы, пазнавальныя ўрокі па бяспецы дарожнага руху, чытаюць лекцыі, уручаюць школьнікам флікеры і тэматычныя памяткі.

Таксама без увагі не застаюцца вадзіцелі аўтатранспарту, якія перавозяць дзяцей. Нагадваю, што іх трэба перавозіць у спецыяльных утрымліваючых прыстасаваннях, якія адпавядаюць вазе і росту дзіця,          аўтакрэслах і бустэрах.

– Зараз у нашым горадзе вядзецца падрыхтоўка да значнага рэспубліканскага свята – Дня беларускага пісьменства. Рамантуецца дарожная сетка горада і адна з першых – вуліца Мічурына. Як арганізаваны дарожны рух падчас рамонтных работ?

– Сапраўды, па гэтай вуліцы праходзіць самы інтэнсіўны транспартны паток, асабліва ў так званыя “гадзіны пік”. Таму раю пешаходам і вадзіцелям не спяшацца, быць асабліва пільнымі пры пераходзе, праездзе праз нерэгулюемыя пешаходныя пераходы. Майце на ўвазе, што на праезнай частцы вуліцы працуе спецтэхніка, таму будзьце ўзаемаветлівыя, своечасова саступайце дарогу. Асабліва гэтыя рэкамендацыі тычацца веласіпедыстаў, якія і без таго ўскладняюць дарожную абстаноўку. Пакуль вядуцца рамонтныя работы, раіў бы ім увогуле ўстрымацца ад руху па вуліцы Мічурына, тым больш тут запланавана пабудаваць спецыялізаваную веладарожку. Канечне, усе гэтыя нязручнасці часовыя, хутка вуліцы нашага горада стануць абноўленымі, прыгожымі і, спадзяюся, больш бяспечнымі.

              Гутарыла Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email