Зберагаюць традыцыі, вучаць новаму
Ужо амаль 10 гадоў дзейнічае Свяцілавіцкі сельскі Дом рамёстваў, дзе разам з дырэктарам Алегам КАВАЛЁВЫМ працуюць двое майстроў-метадыстаў – Ірына КАСЦОВА і Ала КУНІЧНІКАВА.
Іх аб’ядноўвае агульнае імкненне адраджаць і захоўваць традыцыйныя народныя рамёствы, навучаць асновам творчасці юных жыхароў аграгарадка Свяцілавічы.
– У аб’яднанні па інтарэсах “Лапічак”, якім кірую, займаюцца 8 чалавек, – распавядае Ірына Касцова. – Зараз мы працуем над стварэннем тэкстыльных паштовак, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі. Гатовыя вырабы адправім у Полацк. Там яны ўвойдуць у склад вялікага палотнішча, якое ствараецца майстрамі з усёй Беларусі. Гэта вялікая “паштоўка” будзе экспанавацца ў Полацкім краязнаўчым музеі.
З цікавасцю дзеці наведваюць заняткі па вырабе барэльефаў, якія праводзіць дырэктар установы культуры Алег Кавалёў. Гатовыя работы дэманструюцца ў выставачнай зале сельскага Дома рамёстваў, а таксама на выязных кірмашах і падчас розных масавых мерапрыемстваў.
– Стварэнне карцін-барэльефаў для нашых наведвальнікаў справа новая, але, між тым, вельмі захапляльная. Калі ідзе творчы працэс, то ён імгненна ахоплівае ўсіх, – адзначае Алег Аляксандравіч. – Таксама мы распачалі працу па рэканструкцыі народнага жаночага адзення, якое было распаўсюджана на Бялыніччыне ў канцы ХVІІІ – пачатку XIX стагоддзяў. Гэта вельмі складаны і карпатлівы працэс. Мы наведалі музей СВК “Калгас “Радзіма”, зрабілі здымкі ўзораў ткацтва, вышыўкі і іншых асаблівасцей жаночага строя Прыдруцкага краю. Падбіраем усё ў дасканаласці: тканіну, колеры нітак і нават вышываныя ўзоры. Нашым майстрам давядзецца шмат папрацаваць, каб сабраць у адно ўсе гэтыя акалічнасці. Рэканструяваны жаночы строй збіраемся прадэманстраваць на Купальскім свяце “Александрыя збірае сяброў”.
Атмасфера творчасці пануе і ў Свяцілавіцкім сельскім Цэнтры культуры.
– Мы знаходзімся ў адным будынку з Домам рамёстваў, кантактуем паміж сабой, ладзім сумесныя мерапрыемствы. Ну, як тут не паддацца натхненню? – усміхаецца мастацкі кіраўнік СЦК Карына ГАЛУЗА.
Яна і дырэктар установы культуры Кацярына МАСЛЯНКОВА асвоілі выраб інтэр’ерных лялек, тэкстыльных карцін, жаночых упрыгожанняў і шмат чаго іншага з тканіны і нітак.
– Дзяўчаты ў нас сапраўдныя рукадзельніцы, – адзначае Ірына Касцова. – Яны шукаюць новыя ідэі, ахвотна дзеляцца сваімі задумкамі, дапамагаюць з арганізацыяй нашых выстаў. Вельмі прыемна, што моладзь актыўна цікавіцца рукадзеллем. Думаю, што яно ніколі не выйдзе з моды.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара і з архіва
Дома рамёстваў.