Выправіцца складана, але магчыма
У актавай зале РАУС адбылося паказальнае пасяджэнне камісіі па ацэнцы ступені выпраўлення асуджаных.
На яго былі запрошаны грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, адбываюць пакаранні, не звязаныя з ізаляцыяй ад грамадства, або знаходзяцца пад прафілактычным наглядам.
На пасяджэнні разглядаўся 34-гадовы жыхар в. Вялікі Кудзін Б., які ў красавіку мінулага года быў асуджаны па ч 2 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь (крадзёж) да пакарання ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам на 1 год з утрыманнем з заробку 20% у даход дзяржавы.
У цяперашні час грамадзянін Б. працуе ў ААТ “Бялынічы”, характарызуецца здавальняюча, парушэнняў працоўнай дысцыпліны, парадку і ўмоў адбывання пакарання не мае, да адміністрацыйнай адказнасці ў гэты перыяд не прыцягваўся.
Б. запэўніў членаў камісіі, а таксама прысутных у тым, што раскайваецца ў зробленым і абавязваецца далей не парушаць заканадаўства.
Па выніках разгляду матэрыялаў камісія прыйшла да высновы, што ў яго сфарміравалася гатоўнасць весці ў далейшым правапаслухмяны лад жыцця. У сувязі з гэтым палічылі, што мэтазгодна накіраваць у суд матэрыялы для вырашэння пытання аб умоўна-датэрміновым вызваленні Б. ад пакарання ў выглядзе папраўчых работ на неадбытую частку тэрміна.
Вольга КОРШУНАВА,
інспектар КВІ РАУС.