Міністэрства аховы здароўя ўстанавіла нормы аднаразовай рэалізацыі ў аптэках насельніцтву
некаторых лекавых сродкаў.
Гэта прадугледжана пісьмом Міністэрства аховы здароўя Беларусі ад 9 красавіка 2020 года, якое размешчана на сайце ведамства.
Нормы аднаразовай рэалізацыі ўстанаўліваюцца з 10 красавіка па 1 ліпеня 2020 года. Гэта абумоўлена рэзкім ростам попыту на некаторыя лекавыя сродкі, медыцынскія вырабы і іншыя тавары аптэчнага асартыменту.
У пераліку знаходзіцца дзесяць пазіцый. Так, у адны рукі можа быць прададзена не больш за 40 таблетак “Парацэтамолу” (у дазіроўцы 200 мг або 500 мг) і столькі ж таблетак “Арпетолу” (100 мг або 50 мг), 10 капсул “Флу-стопу” ў дазіроўцы 75 мг. На медыцынскія маскі і павязкі норма аднаразовай рэалізацыі ўстаноўлена ў колькасці 10 штук у адны рукі. Аналагічна – на медыцынскія пальчаткі 5 пар.
Антысептычныя лекавыя сродкі, у тым ліку аптэчнага вырабу, могуць прадаць 2 упакоўкі, дэзсродкі для апрацоўкі рук (гель, раствор) аб’ёмам не больш за 100 мл – 2 шт, аб’ёмам больш за 100 мл, але не больш за 1 000 мл, – 1 упакоўку.
Карэспандэнт раёнкі наведала цэнтральную раённую аптэку, каб даведацца, як там абслугоўваюцца людзі падчас эпідэміялагічнай абстаноўкі.
– У наяўнасці маецца дастатковая колькасць супрацьвірусных, супрацьзапаленчых лекавых сродкаў для прафілактыкі і лячэння грыпу, ВРВІ, у тым ліку і для палягчэння сімптомаў прастудных, вірусных захворванняў, а таксама тэрмометраў, сродкаў дэзынфекцыі, – паінфармавала загадчыца ЦРА №41 Алена КАВАЛЁВА.
У гандлёвай зале чаргі не было, наведвальнікі куплялі маскі, пальчаткі, дэзынфіцыруючыя сродкі і неабходныя медпрэпараты. Прыслухоўваючыся да парад работнікаў аптэкі, яны прытрымліваліся сацыяльнай дыстанцыі ў 1,5-2 метра.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.