Успаміны грэюць душу

Успаміны … Яны ёсць у кожнага чалавека, вялікага і маленькага. І зберагаюцца не толькі ў памяці, але і ў сямейным альбоме – знаку і сімвале часу.

Захаванне ў многіх сем’ях звычаяў і традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, своеасаблівасць сямейных і роднасных адносін з’яўляюцца добрым сродкам перадачы сямейнага жыццёвага досведу дзецям, а гэта спрыяе стварэнню гуманных адносін у грамадстве.

Бялынічанін Яўген НЕСЦЯРЭНКА, добры сем’янін і проста выдатны чалавек, разам з карэспандэнтам раёнкі пагартаў свой сямейны альбом. Гісторыя самых знакавых фота – у расповедах нашага героя.

Дзяцінства і юнацтва

– Нарадзіўся я ў вёсцы Тошчыца Быхаўскага раёна. У 7-гадовым узросце  там сустрэў вайну. Добра памятаю, як тату забралі на фронт. Калі мне сказалі, што ён ідзе змагацца з ворагамі, бег да самага лесу, каб праводзіць яго.

Нягледзячы на цяжкі час, дзяцінства ў мяне было шчаслівае. Можна сказаць, мы былі амаль беспрытульнымі дзецьмі, лезлі, куды не трэба, гулялі са знойдзенымі боепрыпасамі, але і працавалі вельмі многа.

З-за вайны сярэднюю школу Яўген Дзмітрыевіч скончыў толькі ў 1954-м годзе, яму было ўжо 20 гадоў. Спачатку спрабаваў паступіць у Львоўскі політэхнічны інстытут, але не атрымалася, хоць здаў экзамены нядрэнна. Пазней яму прапанавалі вучыцца ў Вышэйшым ваенным вучылішчы Унутраных войск. Хаця ваенная стыхія і не была жыццёвай мэтай, але вырашыў усё-такі пайсці служыць. Спачатку яго накіравалі ў 24-ы навучальны атрад сувязі па спецыяльнасці “радыётэлеграфіст”, які дыслакаваўся ў Латвіі. Пазней адправілі ў горад Балтыйск Калінінградскай вобласці ў штаб 2-й гвардзейскай марской чыгуначнай артылерыйскай брыгады. У 1956-м годзе ў СССР сталі скарачаць ваенныя кадры, многіх вайскоўцаў пачалі звальняць. Было прынята рашэнне скараціць і тэрміны службы, таму замест 5 гадоў Яўген Несцярэнка адслужыў усяго тры.

Студэнцкія гады

— Пасля службы адразу падаў дакументы ў Мінскі лесатэхнічны інстытут. На мой выбар паўплывала тое, што бацька працаваў ляснічым, і я ведаў лес літаральна з пялёнак. Падчас службы ў арміі ўжо быў упэўнены, што звяжу жыццё з лесам. На службе былі вельмі добрыя ўмовы для падрыхтоўкі паступлення ў ВНУ. Калі заступаў на вахту, браў з сабой падручнікі і так рыхтаваўся. Здаў экзамены не вельмі добра, але была перавага – выйшаў закон, што тыя, хто адслужыў у войску, набіраліся па-за конкурсу. Але такіх ільготнікаў было больш, чым месцаў, таму і сярод нас быў свой конкурс, які я прайшоў. Праз год лесатэхнічны інстытут стаў называцца тэхналагічным, – распавёў Яўген Дзмітрыевіч.

Праца

Пасля заканчэння ВНУ Яўгена Несцярэнку размеркавалі ў Прыбарскае лясніцтва Быхаўскага раёна, там адпрацаваў 5 гадоў ляснічым. Потым яго запрасілі галоўным ляснічым у Быхаўскі лясгас. У 1970-м годзе накіравалі на Бялыніччыну ўжо на пасаду дырэктара лясгаса.

Пад кіраўніцтвам Яўгена Несцярэнкі лясгас ператвараўся ў сучаснае прадпрыемства, абсталяванае навейшымі вытворчымі магутнасцямі і тэхнікай. Яўген Дзмітрыевіч быў добрым арганізатарам вытворчасці і ўплывовым у раёне кіраўніком. Шмат гадоў пасля выхаду на заслужаны адпачынак ён узначальваў ветэранскую арганізацыю лясгаса.

Сямейнае жыццё

Калі працаваў у Прыбарскім лясніцтве, сустрэўся з будучай жонкай. У 1964-м годзе праводзіў чарговы адпачынак у бацькоў. Падчас прагулкі з таварышам зайшлі ў кафэ і там убачылі дзяўчат-практыкантак. Сярод іх была яна! У моладзі тады было прынята прызначаць спатканне на станцыі, маўляў, прыходзь да   Ленінградскага цягніка, і ўсё было зразумела. На двары стаяў сакавік, але снегу намяло па калена. Галіну Мікалаеўну клапатлівая гаспадыня кватэры, дзе яна жыла, прымусіла абуць валёнкі. Так, уся захутаная ў цёплыя рэчы з галавы да ног, нявеста і з’явілася на сустрэчу.

– Мы жывем душа ў душу ужо 56 гадоў. Нават адразу не скажу, у чым сакрэт такога моцнага шлюбу. Можа, калі яе сустрэў, зразумеў, што гэта мой лёс назаўжды, – усміхаецца Яўген Дзмітрыевіч.

 З 1970-х па 1990-я гады Галіна Мікалаеўна і Яўген Дзмітрыевіч кожны год ездзілі падарожнічаць. Праехалі ўвесь Крым і Каўказ.

У 1965 годзе ў сям’і Несцярэнкаў нарадзіўся сын, у 1969 годзе – дачка. Абодва сталі музыкантамі. Юрый яшчэ школьнікам захапіўся гітарай і некаторы час працаваў музычным работнікам у раённым Цэнтры культуры. Цяпер Юрый Яўгенавіч – вядомы беларускі блюзмэн, аўтар і выканаўца, гітарыст, пісьменнік, лідар гуртоў White Night Blues і Nestary Band. Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях “Блюз жыве ў Менску”, “Рок-каранацыя”, “Рок-кола” і інш. Як аўтар і выканаўца Юрый Несцярэнка прымаў удзел у фестывалях “Бардаўская восень” (Польшча), сучаснага мастацтва “Рытмы і рыфмы”.

– Я самы шчаслівы чалавек і лічу, што жыву не дарма. У нас вялікая і дружная сям’я: 2 дзяцей, 5 унукаў і 2 праўнукі, – гаворыць Яўген Дзмітрыевіч. – Я люблю іх, і яны адказваюць мне ўзаемнасцю. Для мяне заўсёды сем’я і дзеці былі самым галоўным ў жыцці. Я адбыўся і ў прафесіі. Быў бы рады, калі б унукі і праўнукі звязалі сваё жыццё з лесам, але калі душа іх будзе ляжаць да іншага, заўсёды падтрымаю і дапамагу.

      Аліна ЦЫГАНІЙ.

      Фота аўтара  і з асабістага архіва сям’і Несцярэнкаў.

 

Print Friendly, PDF & Email