Небяспека на двух колах
З наступленнем вясны на дарогах усё часцей з’яўляюцца матацыклы, мапеды, скутэры.
У гэты самы час аўтамабілістам трэба праяўляць павышаную ўвагу, бо не ўсе аматары двухколавых “жалезных коней” строга выконваюць правілы дарожнага руху.
У мінулым годзе на тэрыторыі Магілёўскай вобласці з удзелам матацыклістаў зарэгістраваны 34 ДТЗ, у выніку якіх 3 чалавекі загінулі, 33 атрымалі траўмы.
Як паказвае аналіз прычын узнікнення гэтых дарожна-транспартных здарэнняў, большасць вадзіцеляў мотатэхнікі рызыкоўна паводзіла сябе за рулём, няправільна выбірала хуткасць, грэбавала правіламі дарожнага руху.
У маі 2019 года ДТЗ з удзелам матацыкліста адбылося каля в. Следзюкі Быхаўскага раёна. Ён выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з “Фальксвагенам”. Абодва вадзіцелі загінулі.
А ў жніўні 22-гадовы жыхар аграгарадка Пудаўня Дрыбінскага раёна не справіўся з кіраваннем матацыкла, выехаў за межы праезнай часткі і апракінуўся. Са шматлікімі траўмамі быў шпіталізаваны ў бальніцу. Абцяжарваючым аспектам здарэння стала тое, што вадзіцельскага пасведчання ён не меў, рухаўся без моташлема.
За кіраванне транспартным сродкам без права кіравання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 20 бв. За тое ж дзеянне, зробленае цягам года паўторна, штраф узрастае да 50 бв.
Усе матацыклісты павінны ведаць: на дарозе патрэбна строга выконваць ПДР, быць асцярожным і ўважлівым да астатніх удзельнікаў дарожнага руху.
Канстанцін НІКІФАРАЎ,
в.а. начальніка АДАІ РАУС.