Сёння тых, хто ад першай асобы можа расказаць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, становіцца ўсё менш. Святы абавязак удзячных нашчадкаў – зберагаць і з пакалення ў пакаленне перадаваць памяць аб мужным і самаадданым служэнні Радзіме нашых дзядоў і прадзедаў. Успамінамі аб баявым мінулым свайго дзядулі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, бялынічаніна Міхаіла ШАРАХОЎСКАГА з чытачамі раёнкі дзеліцца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэй ГАНЧУК.

Нарадзіўся Міхаіл Ільіч у 1921 годзе ў Бялынічах. У 19-гадовым узросце быў прызваны на службу ў войска ў 16-ты хуткасны бамбадзіровачны   авіяполк, які дыслакаваўся ў горадзе Ржэў. 

Баявое хрышчэнне мой дзед прыняў 1 верасня 1942 года пад расійскім горадам Вязьма. У той дзень перад лётчыкамі авіяпалка была пастаўлена задача знішчыць буйны чыгуначны вузел, дзе размяшчалася шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка. Непадалёку ад Вязьмы варожыя зеніткі сустрэлі ІЛ-4 шквальным агнём.

Не паспела жалезная птушка пераадолець першую смяротную паласу, як яе напаткалі нямецкія “Месершміты”. Завязаўся паветраны бой. Абараняючыся ад ворага, савецкія бамбардзіроўшчыкі адзін за адным скідвалі бомбы на фашысцкія танкі, аўтамабілі і цыстэрны з гаручым, якія былі падрыхтаваны для адпраўкі на фронт. Мужнасцю і адвагай вызначыўся і экіпаж, у склад якога ўваходзіў Міхаіл Шарахоўскі.

Вясной 1943 года 14-ы гвардзейскі полк, дзе служыў Міхаіл Ільіч, дыслакаваўся ў Маскве. Лётчыкі ўжо мелі значны вопыт нанясення бомбавых удараў па камунікацыях праціўніка: знішчалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай на чыгуначных вузлах у Брэсце, Кёнігсбергу, Істэнбургу, Бранску, Віцебску… 2 мая яны зрабілі налёт на Гомельскі чыгуначны мост, на заўтра бамбілі варожы штаб у Мінску, потым наносілі ўдары па аэрадромах фашыстаў пад Смаленскам і Оршай.

27 мая перад авіяпалком была пастаўлена задача нанесці бомбавы ўдар па важнейшых ваенных аб’ектах фашыстаў у Магілёве. Да цэлі заставаліся лічаныя хвіліны, калі пад крылом самалёта Міхаіл Ільіч пазнаў родныя Бялынічы. Хацеў нават скінуць бацькам пісьмо. Аднак камандзір паветранага карабля спыніў яго задуму, паколькі ліст мог трапіць у рукі немцам, а тыя хутка вызначылі б лёс бацькоў лётчыка.

Тым часам самалёт выходзіў на цэль. У нейкі момант ён трапіў пад промні нямецкіх пражэктараў. Лётчыкі дакладна ўтрымлівалі курс, нягледзячы на снарады, якія ворагі запускалі ў паветраную машыну. штурман адна за адной скідваў бомбы, 6 з якіх трапілі дакладна па цэлі. Міхаіл Ільіч далажыў камандаванню аб выкананні баявога задання. У выніку яго разбураны чыгуначны і драўляны масты праз Днепр, знішчаны чыгуначны вузел, дзе згарэлі шэсць эшалонаў з баявой тэхнікай і гаруча-змазачнымі матэрыяламі, а таксама афіцэрскі інтэрнат, камендатура і жандармерыя. Пад бомбамі палка знайшлі сабе магілу звыш трох тысяч акупантаў.

Гэта было 66-е ўзняцце ў неба адважнага лётчыка, якое стала адным з важных і памятных.

Усяго за час вайны Міхаіл Ільіч зрабіў 245 баявых вылетаў на знішчэнне важных аб’ектаў ворага і налятаў звыш дзвюх тысяч гадзін. Ратныя подзвігі лётчыка бамбардзіровачнай авіяцыі адзначаны 14-цю ўзнагародамі, у тым ліку ордэнамі Чырвоная Зорка, Чырвоны Сцяг, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За ўзяцце Будапешта”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”, двумя медалямі “За адвагу” і інш.

Пасля заканчэння вайны Міхаіл Шарахоўскі ажаніўся і да 1957 года  працягваў службу ў розных ваенных часцях Савецкага Саюза. З жонкай Ганнай Дзмітрыеўнай у іх нарадзіліся трое дзяцей, малодшая з якіх – мая маці Людміла Міхайлаўна. Пасля дзед працаваў дырэктарам раённага Дома культуры, намеснікам начальніка раённага вузла паштовай сувязі, а затым, да выхаду ў 1981 годзе на заслужаны адпачынак, і кіраўніком яго.

Ён заўсёды прымаў актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, часта сустракаўся з моладдзю.

Пайшоў з жыцця Міхаіл Ільіч у 1996 годзе. 

Дзед не вельмі ахвотна дзяліўся ўспамінамі аб ваенных падзеях. Аднак мяне заўсёды цікавіла яго баявое мінулае, таму яшчэ ў юнацкім узросце пачаў вывучаць сямейныя фотаархівы, вытрымкі з газет, унушальную скарбонку дзедавых узнагарод. Дзякуючы інтэрнэт-архівам падрабязна даведаўся аб франтавым лёсе  авіяпалка, у якім ён служыў.

Увогуле, адзначу, што менавіта веданне гісторыі сваёй сям’і і краіны,  адчуванне дачынення да іх нараджаюць сапраўдную повязь пакаленняў, дапамагаюць усвядоміць цану мірнага жыцця і адказнасць за будучыню сваёй краіны. 

         Фота з уласнага архіва

         Андрэя Ганчука.

Print Friendly, PDF & Email