Самае важнае ў жыцці – любоў блізкіх, і яе трэба берагчы, упэўнены жыхары аграгарадка Вішоў Уладзімір і Юлія ДУДАРАВЫ.
Разам яны ўжо 8 гадоў, і за гэты час іх пачуцці толькі ўмацаваліся, сталі больш узважанымі. Падмуркам трываласці іх сямейнага саюза служаць традыцыйныя маральныя каштоўнасці: павага, узаемаразуменне і, канечне, любоў.
– Пазнаёміў нас агульны сябар, – усміхаецца Уладзімір. – Сказаў, што ў аграгарадку Вішоў жыве цудоўная дзяўчына, з якой мне абавязкова трэба ўбачыцца. Мы спадабаліся адзін аднаму літаральна з першага позірку. З афармленнем адносін таксама не зацягвалі, неяк унутры я зразумеў, што знайшоў “свайго” чалавека. Не спыніла і тое, што ў Юлі ўжо быў сын ад папярэдніх адносін. З Цімафеем мы хутка знайшлі агульную мову, а тры гады назад у нашай сям’і адбылося папаўненне, нарадзілася дачушка Стэфанія.
Пакуль Юля знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, асноўны клопат па забеспячэнні сям’і ляжыць на плячах Уладзіміра. Ён працуе вартаўніком-кантралёрам у СВК “Калгас “Радзіма” і дадаткова выконвае абавязкі інструктара па спорце ў сельгасарганізацыі.
Любоў да заняткаў спортам прывіў яму бацька, Аляксандр Уладзіміравіч, які доўгі час працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў школе вёскі Навасёлкі, а цяпер вядзе ўрокі фізвыхавання ў Вішоўскай СШ.
– Праўленне сельгаскааператыва і асабіста старшыня яго Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ ухваляюць ініцыятывы нашай моладзі, якая актыўна займаецца спортам, – распавядае Уладзімір. – Пры падтрымцы калгаса мы кожную восень праводзім спаборніцтвы па міні-футболе памяці Аляксея ЧУДАКОВА, зімой – па валейболе. Таксама ўнутры гаспадаркі праходзяць міні-чэмпіянаты па армрэслінгу, гіравым спорце, актыўна ўдзельнічаем у круглагадовай спартакіядзе сярод арганізацый раёна, некалькі гадоў запар паказвалі высокі ўзровень падрыхтоўкі па грамадзянскай абароне.
Нярэдка да спартыўнага хобі свайго мужа далучаецца і Юлія, але пасля нараджэння дачушкі – больш як заўзятар.
– Важныя рысы Уладзіміра, якія мне больш за ўсё падабаюцца, – упартасць, адказнасць і мэтанакіраванасць, – гаворыць Юлія. – Перад спаборніцтвамі мы часта з ім абмяркоўваем розныя пытанні, ён дасканала ўсё праверыць і прадумае, але падчас выступленняў усё адно хвалюецца, перажывае за кожнага спартсмена.
У сям’і Дударавых, як, напэўна, і ў кожнай, ёсць агульныя мары, планы на будучае. Адна з іх – пабудаваць уласны дом. Яны ўжо знайшлі кавалак зямлі, на якім у хуткім часе распачнуць будаўнічыя работы. Спачатку, прызнаюцца, было крыху страшнавата, пабудаваць жыллё – справа не танная, але плюсы ўласнага дома пераважылі ўсе страхі.
– Засталося толькі сад пасадзіць, і за гэтым справа не стане, – у адзін голас сцвярджаюць Уладзімір і Юлія.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.