Многія старшакласнікі нашага раёна штогод карыстаюцца магчымасцю не толькі адпачыць у вольны ад вучобы час, але і правесці яго з карысцю, яшчэ і грошай падзарабіць. Садзейнічанне ім у гэтым аказваюць прадпрыемствы і арганізацыі, якія забяспечваюць юнакоў і дзяўчат працай.
Днямі распачаў сваю дзейнасць будаўнічы студэнцкі атрад імя двойчы Героя Савецкага Саюза Паўла ГАЛАВАЧОВА Вішоўскай СШ.
З віншаваннямі з нагоды пачатку працоўнага семестра да ўдзельнікаў студатрада звярнуліся першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марына ШАБУСАВА і камісар абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Алег БОЙКА.
Як адзначыла Марына Віктараўна, студэнцкі працоўны рух аб’ядноўвае людзей з высокімі маральнымі якасцямі і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Удзел у студатрадах дазваляе не толькі прадэманстраваць свае працоўныя якасці, але і атрымаць прафесійныя навыкі, вопыт і раскрыць лідарскія здольнасці.
Шаснаццаць старшакласнікаў у суправаджэнні настаўніка Уладзіміра ЧУЖАЎКІ працуюць пасля вучобы на тэрыторыі СВК “Калгас “Радзіма”. Хлопцы займаюцца рознымі гаспадарчымі працамі.
– Час трэба праводзіць з карысцю, а не сядзець дома за камп’ютарам, – лічыць камандзір атрада Ілья САВЕЛЬЕЎ. – У нас добры працоўны графік, шмат часу застаецца на тое, каб дапамагчы бацькам і адпачыць. Мне падабаецца працаваць на свежым паветры і прыносіць карысць калгасу. Зноў жа, праца ў студатрадах – гэта яшчэ і час, праведзены з аднадумцамі. Разам заўсёды весялей, і працаваць – таксама. Ну, і зарабіць хачацца, сваёй працай сямейны бюджэт папоўніць. Я ж дарослы ўжо, так што трэба прывыкаць да самастойнасці.
І хоць працоўны дзень у хлопцаў невялікі, усяго 2 гадзіны 18 хвілін, яны імкнуцца якасна выканаць усе заданні. А працуюць школьнікі дружна і з вялікім запалам. Кіраўніцтва сельгаскааператыва вельмі задаволена хлопцамі. І вядома ж, за сваю добрасумленную працу падлеткі атрымаюць годную заработную плату.
Дзмітрый ЦІХАНАЎ.
Фота аўтара.