Бытавую тэхніку, пасцельную бялізну і каля 1500 адзінак сродкаў індывідуальнай аховы – медыцынскіх халатаў і шапачак, набытых за кошт абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК, перадаў днямі ў карыстанне ЦРБ старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Генадзь ЧОРНЫ. Дапамога аказана ў рамках прафсаюзнай акцыі “Справімся разам”.
Два халадзільнікі і мікрахвалёўкі, пральная машына і тэлевізар папоўняць памяшканні для адпачынку і прыняцця ежы медыкамі, якія ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі вымушаны заставацца ва ўстанове працяглы час. З гэтай жа мэтай будуць выкарыстаны і камплекты пасцельных прыналежнасцяў.
– Падзеі апошняга часу ў поўнай ступені паказалі, наколькі сёння важная праца медыкаў, – адзначыў Генадзь Чорны.
– У такі складаны час прафсаюзы, чыя галоўная задача – абараняць інтарэсы работнікаў розных галін і падтрымліваць іх у найбольш напружаны час, канечне, не могуць застацца ў боку ад таго, што адбываецца навокал.
Генадзь Леанідавіч падзякаваў урачам за іх самаадданасць у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй і адзначыў, што прафсаюзы і надалей будуць аказваць пасільную падтрымку тым, хто сёння знаходзіцца на “перадавой”.
Галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО, у сваю чаргу, падзякаваў прадстаўнікам прафсаюзных арганізацый за аказаную медыкам падтрымку.
Вольга НАБОКАВА.