У мінулую суботу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочы візіт у Магілёў

У мінулую суботу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочы візіт у Магілёў, сустрэўся з актывам Прыдняпроўскага краю, каб абмеркаваць сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю ў Магілёўскай вобласці.

Удзел у гэтай сустрэчы прынялі: кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама, прадстаўнікі абласнога Савета дэпутатаў, члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, старшыні гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў Прыдняпроўскага краю, іх намеснікі, якія курыруюць пытанні эканомікі і сацыяльнай сферы, дырэктары шэрагу прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Магілёўшчыны, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, журналісты. 

Свой рабочы візіт у Магілёў кіраўнік дзяржавы распачаў з наведання храма Свята-Мікольскага жаночага манастыра, дзе, а гэта была акурат троіцкая бацькоўская субота, запаліў свечкі.

Прэзідэнту ў храме падарылі ікону Божай Маці Магілёва-Брацкая, сказаўшы, што яна абараняе ад ворагаў. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка перадаў манастыру ікону “Найсвяцейшая Еўфрасіння Полацкая”, якую напісаў іканапісец Свята- Елізавецінскага манастыра.

Кіраўніку дзяржавы таксама распавялі пра гісторыю і сённяшні дзень Свята-Мікольскага жаночага манастыра, расказалі пра перспектывы яго развіцця. У прыватнасці, прадэманстравалі адноўлены іканастас.

– Гэта сапраўды цуд! У першы раз бачу такі іканастас. Гэта можна параўнаць з піцерскімі храмамі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Затым на падворку каля храма Прэзідэнт пагутарыў з прыхажанамі, жыхарамі абласнога цэнтра. Размова адбылася вельмі душэўная. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра горад, калі вучыўся ў Магілёве, распавёў аб добраўпарадкаванні абласнога цэнтра і далейшых планах у гэтых адносінах.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і на тэму эпідэміялагічнай сітуацыі, адзначыўшы, што паступова ў Беларусі праблема каранавіруса адыходзіць, у тым ліку ў Магілёве сітуацыя ў цяперашні час складваецца цалкам спрыяльна.

– Пашанцавала магіляўчанам у тым плане, што нават калі ёсць захворванне, то яно праходзіць ужо ў лёгкай форме, – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху барацьбы з захворваннем без уводу ўсеагульнага каранціну. Разам з тым ён заклікаў людзей быць акуратнымі, выконваць неабходныя меры засцярогі, больш праводзіць часу на свежым паветры.

– Мы павінны прыгожа прайсці гэты перыяд і перамагчы чатыры-пяць пандэмій, якія сёння блукаюць па нашай краіне. Мы іх пераадолеем. Не такія праблемы пераадольвалі, – запэўніў прысутных на сустрэчы  беларускі лідар.

Пры гэтым ён заявіў, што ў Беларусі ва ўмовах пандэміі навучыліся спраўляцца з гэтай праблемай. Больш за тое, у краіне не давялося ісці на крайнія меры.

– Нам пакуль наогул удалося пазбегнуць крайняга сцэнарыя. Прытым, мы не закрывалі краіну. Што тычыцца межаў, нам і закрываць не трэба было. Наша ўсё акружэнне зачынілася. Мы не закрывалі аэрапорт. Мы паказалі, што ёсць такая Беларусь, што яна ўстойлівая, мудрая, магутная і можа спраўляцца з гэтай пандэміяй, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Мы не ўводзілі татальны каранцін і каменданцкую гадзіну, не закрывалі людзей у сваіх дамах і кватэрах. У нас няма той сітуацыі, каб уводзіць каменданцкую гадзіну.

Аднак, па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта была цяжкая барацьба, якая і сёння яшчэ не скончана.

– Сітуацыя кіравальная і краіна кіравальная, і мы можам прыняць любое рашэнне. Але пакуль, дзякуй Богу, нам не патрэбны крайнія меры, – сказаў Прэзідэнт. – Нашы ўрачы навучыліся спраўляцца з гэтай хваробай. Яна ў кожнага чалавека можа працякаць па-рознаму. Адсюль і лекі патрэбны розныя. Лекаў у нас хапае, ахоўных сродкаў дастаткова, і ўрачы прыстасаваліся лячыць гэтыя хваробы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі не толькі займаюцца тэсціраваннем на каранавірус, але і прыярытэтную ўвагу надаюць дыягностыцы пнеўманій.

– Мною было дадзена жорсткае ўказанне: усіх, хто звярнуўся, – на КТ. Мы за гэты час закупілі дзясяткі апаратаў і там, дзе трэба было, устанавілі. Урачы малайцы, ужо навучыліся, яны бачаць на КТ – звычайная пнеўманія або ковідная, – сказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб бягучым моманце, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што разам сышліся чатыры “пандэміі” – у ахове здароўя, эканоміцы, палітыцы, а таксама на інфармацыйнай прасторы.

Такім чынам, за медыцынскай пандэміяй рушыла ўслед эканамічная, і яна закранула не толькі краіны, якія развіваюцца, але і найбуйнейшыя дзяржавы. Натуральна, уплыў на сабе адчувае і Беларусь са сваёй экспартна арыентаванай эканомікай.

– Нам патрэбна валюта, каб жыць. А валюту можна атрымаць, толькі прадаючы свой тавар на знешніх рынках, – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, трэцяя пандэмія – рукатворная, суб’ектыўнага характару – палітычная. Перадвыбарная кампанія наклала свой адбітак на ўсё тое, што адбываецца. Нарэшце, чацвёртая – інфапандэмія, якая аказала моцнае ўздзеянне на людзей.

Заслухаўшы даклад старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава аб сацыяльна-эканамічным развіцці абласнога цэнтра, Аляксандр Лукашэнка сказаў:

– Малайчына. Нядрэнна, але гэта яшчэ асобныя зярняткі. Горад павінен быць прыгожым.

Прэзідэнт адзначыў, што праца па добраўпарадкаванні праведзена і ў іншых абласных цэнтрах, жыхарам якіх ёсць чым ганарыцца.

Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў і на прамысловай сферы горада, даручыўшы правесці ў гэтым плане рэвізію.

Аляксандру Лукашэнка падрабязна далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёва і вобласці. Асобнай тэмай стала ажыццяўленне розных праектаў па развіцці гарадской інфраструктуры, якія ўжо рэалізаваны ў Магілёве ў 2017-2020 гадах.

Напрыклад, за гэты час былі капітальна адрамантаваны многія аб’екты дарожнай сеткі (Чавуская, Мінская шаша, мост і пуцеправод праз чыгунку па праспекце Міру), сацыяльнай інфраструктуры (Палац культуры вобласці, тэнісныя корты і футбольны манеж, СШ №46, радзільны дом Магілёўскай гарбальніцы хуткай медыцынскай дапамогі).

Прэзідэнт азнаёміўся з планамі горада па будаўніцтве і праектаванні шэрагу аб’ектаў. У іх ліку кардыяхірургічны корпус Магілёўскай абласной бальніцы, паліклініка ў жылым раёне “Казіміраўка”, ФАК з басейнамі ў мікрараёне “Фаціна”, а таксама будаўніцтва пуцеправода-дублёра вул. Якубоўскага – Загарадная шаша.

Што ж да апошняга аб’екта, то Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на крыніцах фінансавання, адзначыўшы: на будаўніцтва гэтага пуцеправода можна накіраваць сродкі, зэканомленыя пры рэканструкцыі іншых дарог па краіне.

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб праведзеных і запланаваных работах па добраўпарадкаванні ландшафтна-рэкрэацыйнага комплексу “Подміколле”. Тут, у прыватнасці, прадугледжана абсталяванне спартыўных і дзіцячых пляцовак, катка з паркавым павільёнам, вяровачнага гарадка, парку атракцыёнаў, пляжнай зоны і ў перспектыве – турыстычнага комплексу.

– Чым раней, тым лепш, – пракаменціраваў Прэзідэнт ініцыятыву па ўзвядзенні турыстычнага комплексу. – Жадаючых наведаць шмат. Чаму не развіваць? – Цяпер гэта ўсё трэба аб’яднаць так, каб горад быў цэласным комплексам. Трэба нешта яшчэ нам зрабіць за будучую пяцігодку, каб магіляўчане ганарыліся.

Падчас сустрэчы Прэзідэнта з актывам Прыдняпроўскага краю па  абмеркаванні сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацыі ў Магілёўскай вобласці, якая праходзіла ў новым навучальным корпусе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц паінфармаваў кіраўніка дзяржавы і прысутных аб тым, што ў рэгіёне па выніках 2019 года забяспечана выкананне 4 з 6 ключавых паказчыкаў. Гэта дазволіла Магілёўшчыне выйсці з ліку адстаючых, паказаўшы другі вынік у краіне пасля Мінскай вобласці.

– Усе галіны эканомікі выйшлі на станоўчую дынаміку развіцця, – адзначыў губернатар. – Выкананы заданні па прыцягненні прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове, экспарце тавараў, паслуг, па колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя рабочыя месцы.

Мінулы год вобласць завяршыла са станоўчым фінансавым вынікам. Адпаведная дынаміка захавана і ў першым квартале бягучага  года. У прыватнасці, у рэгіёне па выніках студзеня-красавіка дасягнуты добрыя паказчыкі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (103% да аналагічнага перыяду мінулага года), у будаўніцтве (101,8%), у рознічным таваразвароце ў гандлі (104,2%).

Што ж да сельскагаспадарчай галіны, то ў рэгіёне распрацавана канкрэтная праграма развіцця АПК, рэалізацыя якой дазволіць павялічыць выручку сельгасарганізацый ужо ў гэтым годзе як мінімум у 1,3 раза. І як вынік, гэта дазволіць падняць зарплату на вёсцы да тысячы рублёў.

На асаблівым кантролі мясцовых органаў улады знаходзіцца рэалізацыя інвестпраектаў на прадпрыемствах “Хімвалакно”, “Белшына”, “Магатэкс”, “Завод газетнай паперы”, “Омск Карбон Магілёў”.

– Паспяховае завяршэнне іх рэалізацыі з’яўляецца сур’ёзным рэзервам для росту прамысловасці ўсяго рэгіёну, – падкрэсліў Леанід Заяц і адзначыў, што, як і раней, галоўным прыярытэтам для рэгіёну з’яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян. У якасці красамоўнага прыкладу ён прывёў наступны факт: за мінулы год было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 40 сацыяльна значных аб’ектаў, у ліку якіх знаходзіліся і гэтак званыя даўгабуды.

У ходзе сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласці Прэзідэнт даў шэраг дадатковых даручэнняў па далейшым развіцці і добраўпарадкаванні нашага абласнога цэнтра. Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Магілёўскай вобласці звярнуць сур’ёзную ўвагу на прамысловыя прадпрыемствы.

Прэзідэнт нагадаў, як у красавіку мінулага года прызначыў экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца губернатарам Магілёўскай вобласці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён не сумняваўся ў сваім рашэнні.

– Я ведаў, што ў Магілёўскай вобласці ён будзе не лішнім, – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што па шэрагу кірункаў трэба было сур’ёзна выпраўляць сітуацыю. Перад новым губернатарам была пастаўлена задача навесці ў вобласці належны парадак. І, як адзначыў Прэзідэнт, кіраўнік Магілёўшчыны актыўна пагрузіўся ў працу.

– Для мяне гэта было нечаканым. Першай просьбай, з якой ён да мяне прыйшоў, была бальніца ў Магілёве, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як сказаў Прэзідэнт, Леанід Заяц звярнуў увагу на Магілёў, пачаў актыўна адшукваць на гэтыя мэты фінансаванне.

– І сёння я заўважыў, што асобныя месцы, прыгожыя, годныя, якімі можа ганарыцца абласны цэнтр, створаны. Цяпер трэба гэта ўсё ўвязаць – я казаў мэру і губернатару – у адзіны комплекс. Трэба зрабіць, каб гэта быў прыгожы горад, – звярнуў увагу Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, жыхары абласнога цэнтра павінны зрабіць гэта перш за ўсё для сябе, бо ім жыць у гэтым горадзе.

Лідар беларускай дзяржавы таксама папрасіў кіраўніцтва рэгіёну звярнуць асаблівую ўвагу на буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія ў свой час былі сапраўднымі гігантамі. Там шмат свабодных прамысловых вытворчых памяшканняў.

– Нельга страціць гэтыя прамысловыя кропкі. Яны моцныя, надзейныя. Мала такіх, якія трэба прыбіраць, зносіць. Іх неабходна прывесці ў пачуццё і разгарнуць там вытворчасць. Знойдуцца інвестары і з задавальненнем прыдуць у Магілёў і будуць працаваць.Трэба па кожным прадпрыемстве, як мы рабілі па паўднёвым усходзе, выпрацаваць канкрэтную праграму. Перш за ўсё, у Магілёве і Бабруйску – двух найбуйнейшых гарадах вобласці, – такую задачу паставіў Прэзідэнт.

Гаворачы аб далейшым развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па яго даручэнні ў свой час была прынята адмысловая праграма, выдзелены сродкі для яе фінансавання.

– Праграма прынята, і яна павінна рэалізоўвацца, тым больш, там жыве вельмі шмат “чарнобыльцаў”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Не дай Бог, вы не рэалізуеце гэтую праграму. Мы павінны людзям там даць не толькі надзею, але і шанец жыць, гадаваць дзяцей.

Прэзідэнт пагадзіўся са старшынёй аблвыканкама, што ў Магілёўскай вобласці за апошнія гады сапраўды нямала зрабілі. Але наперадзе ў гэтым кірунку работы яшчэ шмат.

                    Міхась КАРПЕЧАНКА.

            Фота БелТА.

Print Friendly, PDF & Email