Гэта жыватворная і патрэбная праца – ператвараць за    балочаную зямлю ва ўрадлівыя сельгасугоддзі, на якіх будзе каласіцца збажжына, шапацець пад летнім ветрам сакавітая трава, пасвіцца жывёла…

Адзіная ў нашым раёне арганізацыя, якая займаецца меліярацыйнымі работамі, ААТ “ПМК-82 “Вадбуд”, адзначае сёлета не толькі прафесійнае свята, але і 35-годдзе з дня ўтварэння.

Гісторыя прадпрыемства бярэ пачатак у 1985 годзе, калі было створана Бялыніцкае міжраённае ўпраўленне арашальных і асушальных сістэм. У 2003 годзе яно было рэарганізавана ў ААТ “Бялынічывадгас”, а ў 2013 годзе стала называцца ААТ “ПМК-82 “Вадбуд”.

Зараз калектыў гэтага невялікага прадпрыемства праводзіць работы па будаўніцтве, рэканструкцыі і ўтрыманні раённай меліярацыйнай сеткі ў спраўным стане.

Будні меліяратараў – тэхнічны догляд за меліярацыйнымі сістэмамі:  ачыстка ад заглейвання каналаў, іх абкошванне і рэканструкцыя. Акрамя таго арганізацыя актыўна папаўняе свой бюджэт за кошт нетрадыцыйных відаў работ.

– Мінулы год і сёлетні, юбілейны, выдаліся насычанымі ў сэнсе занятасці нашых работнікаў, – гаворыць дырэктар ААТ “ПМК-82 “Вадбуд” Аляксей БАРАНАЎ. – На сённяшні дзень меліяратары абслугоўваюць каля 750 кіламетраў меліярацыйных каналаў і збудаванняў. На двух аб’ектах, каля в. Няропля і аг. Цяхцін, вядуцца будаўнічыя работы па пракладцы новых і рэканструкцыі існуючых меліярацыйных сістэм. З пачатку года паспяхова выканалі профільныя заказы ў Горках, Шклоўскім і Быхаўскім раёнах.

Зараз у нашым горадзе вядзецца актыўная падрыхтоўка да правядзення XXVII Дня беларускага пісьменства. Работнікі ПМК-82 таксама прымаюць удзел у будаўнічых работах – займаюцца ўкладкай тратуарнай пліткі па вуліцы Целешава.

Акрамя гэтага меліяратары аказваюць неабходную дапамогу сельгасарганізацыям раёна пры  правядзенні сезонных палявых работ.

– Наша арганізацыя кіруецца прынцыпам: як папрацуеш, так і атрымаеш. Таму акрамя профільных работ аказваем шырокі спектр іншых паслуг, – дадае Аляксей Баранаў. – Гэта ўзворванне глебы, дыскаванне яе, корманарыхтоўка, уборка хлеба. Асабліва цесныя сувязі наладжаны з СВК “Калгас “Радзіма”. Шмат гадоў нашы працаўнікі ўдзельнічаюць ва ўсім цыкле работ гэтага сельгаскааператыва. Летась, напрыклад, малады вадзіцель Андрэй ВАРАБ’ЁЎ перавёз больш за тысячу тон збожжа. Шчыра ўдзячны старшыні праўлення СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандру ЛАПАЦЕНТАВУ за такое плённае супрацоўніцтва і падтрымку.

Таксама працаўнікі ПМК-82 аказваюць пэўную дапамогу сельсаветам па абкошванні травы і зносе струхнелых дамоў, добраўпарадкаванні тэрыторый.

Працоўныя поспехі арганізацыі шмат у чым залежаць ад імкнення да агульнага выніку ўсяго калектыву. 35 гадоў шчыруе ў арганізацыі інспектар па кадрах Валянціна АДАМОВІЧ, больш за 20 – механізатар Васіль ШЫК.

Адказна выконваюць працоўныя абавязкі вядучы эканаміст Аляксандр СТАРАВОЙТАЎ, галоўны інжынер Сяргей ШЛІМАКОЎ, вядучы механік Сяргей ХАЛАДЦОЎ, інжынер па ахове працы Святлана МАНІКАЙЛА, бульдазерысты Віктар ШАХАЛЕНКА і Віктар ШАЦ, вадзіцелі Валерый ЕРМАЛАЕЎ, Юрый НАГАЕЎ, экскаватаршчык Андрэй ХАЛАДЦОЎ, трактарысты Алег КАШКОЎ і Яўген КОСТУСЕЎ. 

За шматгадовую адказную працу і ў сувязі з прафесійным святам Ганаровай граматай ДА “Белвадгас” узнагароджаны машыніст бульдозера Віктар Шац, Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама адзначаны трактарыст Яўген Костусеў, а дырэктар Аляксей Баранаў і вадзіцель Валерый Ермалаеў – ганаровымі граматамі ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Магілёўвадбуд”. Ганаровымі граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі прэміямі ўзнагароджаны прараб Валерый БАНДАРЭНКА і прыбіральшчыца Галіна ЛАПУШКІНА.

У мінулым годзе калектыў ПМК-82 папоўніўся маладымі спецыялістамі. Пасля заканчэння ВНУ на першае працоўнае месца прыйшлі прараб Мікіта РАМАНЮК, бухгалтары Ангеліна ЛАТЫПАВА і Крысціна КУШНЯРОВА.

Удзяляецца ўвага і развіццю карпаратыўнай культуры ў арганізацыі. Для аматараў адпачынку на прыродзе праводзіўся на Вольніцкім возеры дзень рыбака, а пры падтрымцы пярвічнай парфсаюзнай арганізацыі адбылася экскурсійная паездка ў Гомель.

– У планах пакуль на першым месцы абнаўленне тэхнікі, – дзеліцца планамі дырэктар ПМК-82. – Парк яе не абнаўляўся з 2012 года. Але ў нас праводзіцца шмат мерапрыемстваў па захаванні спраўнасці машын і механізмаў. І ў першую чаргу заахвочваецца адказнае стаўленне працаўнікоў да замацаваных за імі агрэгатаў. Дзякуючы іх намаганням наша арганізацыя здольна ўтрымліваць устойлівыя пазіцыі і ў сённяшні складаны час.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

            Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email