У тым, што лес – галоўнае багацце прыроды, сумненняў няма. Ад яго залежыць якасць навакольнага асяроддзя, без лесу немагчыма гаспадарчая дзейнасць, урэшце, ён выконвае сацыяльную функцыю, з’яўляючыся для ўсіх нас добрым месцам для прагулак і адпачынку.

Аднак прыродныя рэсурсы не бясконцыя. Лес патрабуе беражлівых адносін, увагі і клопату.

Штогод з прыходам цёплага надвор’я ў нашай краіне абвастраецца пажаранебяспечная абстаноўка. Тэрыторыя лесфонду Бялыніцкага лясгаса – не выключэнне.

Плошча яго складае 93,7 тыс. га. І тут прыкладаюць максімум намаганняў, каб зберагчы галоўнае багацце прыроды.

З пачатку бягучага года ў раёне ўжо зафіксаваны два пажары. І абодва адбыліся па віне чалавека. На шчасце, іх хутка патушылі, і вялікай шкоды агонь не нанёс, а вінаватыя ўстаноўлены і прыцягнуты да адказнасці.

Для таго, каб своечасова рэагаваць на падобныя здарэнні, штогод у пажаранебяспечны сезон у лясгасе ствараецца ўласная пажарная каманда. У склад яе ўваходзяць не толькі штатныя супрацоўнікі ўстановы, але і часова прыцягнутыя спецыялісты.

Для таго, каб у выпадку ўзгарання агонь не распаўсюджваўся па лесе, на працягу 32-х кіламетраў абсталяваны супрацьпажарныя разрывы. З гэтай жа мэтай каля сельгасугоддзяў вакол маладых насаджэнняў узараны супрацьпажарныя мінералізаваныя палосы.

Па словах інжынера па ахове і абароне лесу лясгаса Аркадзя КАЎТУНОВА, вялікая ўвага надаецца і непасрэдна сродкам пажаратушэння. Напрыклад, у кожным з дзевяці лясніцтваў функцыянуюць пункты супрацьпажарнага інвентару, укамплектаваныя мотапомпамі, пажарнымі рукавамі, апырсквальнікамі, рыдлёўкамі і сякерамі. Ёсць і пажара-хімічная станцыя, дзе захоўваюцца рэчы для барацьбы з агнём.

– Сродкі аховы ад пажараў пастаянна абнаўляюцца, – кажа Аркадзь Мікалаевіч. – Зусім нядаўна дадаткова набылі 300 метраў новых пажарных рукавоў і 25 апырсквальнікаў. Маем і ўласны парк супрацьпажарнай тэхнікі – 6 машын. Адна з іх – павышанай праходнасці, на гусенічным ходзе – танк, перададзены лясгасу Міністэрствам абароны для тушэння пажараў у цяжкадаступных месцах.

На дапамогу ў барацьбе з ляснымі пажарамі прыходзяць і сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, квадракоптары. Пасля таго, як спецыялісты з камер, замацаваных на вышках, заўважаць дым, квадракоптар з вышыні птушынага палёту вызначае дакладнае месца ўзгарання, дапамагае выбудаваць самы кароткі маршрут да яго, вызначыць, у які бок распаўсюджваецца агонь, і колькі патрэбна задзейнічаць людзей і тэхнікі.

– Таксама для недапушчэння лясных пажараў на тэрыторыі лясгаса ўстаноўлены 8 стацыянарных відэакамер, што варочаюцца на 360 градусаў, а за пультам іх паказанні пастаянна аналізуе дзяжурны.

Узмоцнена нясуць службу і леснікі, – распавядае Аркадзь Каўтуноў. – А яшчэ пастаянна праводзім спецыяльныя вучэнні, таму пісьменныя дзеянні ў выпадку надзвычайных здарэнняў адпрацаваны спецыялістамі да аўтаматызму. Рэагуюць нашы работнікі на любыя ўзгаранні ў лесе хутка, прыбываюць на месца не менш аператыўна, чым ратавальнікі, а часта змагаюцца з ляснымі пажарамі разам.

Кажучы аб тых, хто парушае забарону, наведваючы лясы ў пажаранебяспечны перыяд і пры гэтым безадказна распальвае вогнішчы ці кідае недакуркі, трэба памятаць, наколькі яны рызыкуюць. У першую чаргу, сваім здароўем і жыццём. Акрамя таго, многія не ўлічваюць, што пры сучасным развіцці тэхналогій і ўзроўні падрыхтоўкі спецыялістаў вельмі цяжка застацца незаўважаным, калі ў выніку чыіх-небудзь дзеянняў загарэўся лес.

Зрэшты, шкоду лесу наносяць не толькі пажары. Дачнікі ці жыхары навакольных вёсак звозяць смецце ў лясныя масівы і робяць стыхійныя звалкі.

Для барацьбы з такімі парушальнікамі ў лясгасе выкарыстоўваюць фотапасткі. Калі нехта выкідае смецце, прылады актывіруюцца, робяць фота- ці відэазапіс, адпраўляюць ммс-паведамленне на тэлефон ці камп’ютар спецыялістам, у тым ліку і Аркадзю Каўтунову.

Акрамя таго, пасткі дапамагаюць выяўляць тых, хто займаецца незаконнай высечкай дрэў.

– У мінулым годзе такіх выпадкаў было пяць, – інфармуе Аркадзь Мікалаевіч. – А сёлета ніводнага. Прафілактычная праца прыносіць свае вынікі. Усё ж такі з цягам часу людзей усё больш хвалююць буйныя сумы штрафаў, яны разумеюць, што значна танней набыць драўніну законным шляхам. Увогуле, усё пад кантролем.

        Вольга НАБОКАВА.

         Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email