– З чэрвеня лінія па вытворчасці ацыліндраваных вырабаў працуе кругласутачна, бо паступае шмат заказаў, – расказала журналісту райгазеты “Зара над Друццю” намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Юлія КУДРАВЕЦ. – Да гэтага тут працавалі дзве змены, якія за месяц выраблялі каля 350 куб. м вырабаў з дрэва. Зараз мы плануем падвысіць гэты паказчык да 500 куб. м. Сярэдняя цана аднаго куб. м такой драўніны каштуе каля 105-110 еўра.
Гэтыя вырабы пастаўляюцца ў Бельгію, Турцыю і Германію. Як адзначыў начальнік цэха па перапрацоўцы драўніны лясгаса Аляксандр ШУПІКАЎ, з-за пандэміі ў мінулыя месяцы попыт на іх нязначна знізіўся, але з чэрвеня колькасць замоў стала толькі ўзрастаць:
– Нашы вырабы з драўніны па-ранейшаму высока цэняцца. Ацыліндраваную драўніну за мяжой часта выкарыстоўваюць для добраўпарадкавання тэрыторыі: ёй агароджваюць вадаёмы і загоны для жывёлы, у Турцыі нярэдка аддзяляюць веладарожкі.
Заўважым, што лінія для ацыліндроўкі вырабаў з дрэва, якая каштуе каля 225 тысяч еўра, пачала працаваць з кастрычніка 2019 года. У рабочую змену задзейнічаны 3 аператары.
Міхась КАРПЕЧАНКА.