Цыкл мерапрыемстваў “Канікулы без дыму і агню” пройдзе для дзяцей, а мерапрыемствы ўжо традыцыйнай акцыі “З клопатам аб малой радзіме” дапамогуць людзям сталага ўзросту з карысцю правесці летні час. Акцыя пройдзе ў два этапы – з чэрвеня па ліпень і з верасня па кастрычнік: у вёсках, гарадах, садовых таварыствах і аграсядзібах.
Мэта яе – папярэджанне ўзгаранняў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на пажарах людзей сталага ўзросту.
Спецыяльна для іх распрацаваны новыя фарматы мерапрыемстваў, у якіх знойдзецца месца не толькі святу, але і раскрыццю творчых здольнасцей насельніцтва.
Напрыклад, правядзенне агляду-конкурсу “Ландшафтны дызайн ад МНС” на лепшае афармленне ўласнага ўчастка ці аграсядзібы. Пры стварэнні бяспечнага ўчастка будуць улічвацца фантазія аўтараў, крэатыўны падыход, выкарыстанне розных відаў матэрыялаў і цікавых архітэктурных форм і многае іншае.
Супрацоўнікі МНС арганізуюць таксама рассылку “бяспечнай” карэспандэнцыі з рэкамендацыямі па супрацьпажарнай і ўласнай бяспецы.
Шмат тэматычных мерапрыемстваў запланавана для жыхароў сельскіх населеных пунктаў, асабліва аддаленых. Ратавальнікі правядуць работу па маршрутах руху мабільных магазінаў праз праект “Аўталаўка бяспекі”. Сумесна з актывістамі і прадстаўнікамі зацікаўленых арганізацый яны праедуць па вёсках і ў месцах прыпынку аўтамагазінаў разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі, правядуць майстар-класы па аказанні першай дапамогі.
Такім чынам, жыхары нават самых аддаленых куткоў раёна не застануцца ў баку ад мерапрыемстваў, арганізаваных ратавальнікамі.
Пры паляпшэнні эпідэміялагічнай абстаноўкі плануецца правесці ў сельскай мясцовасці і горадзе тэматычныя “Кірмашы бяспекі”.
Галоўнай аўдыторыяй акцыі “Канікулы без дыму і агню”, якая прадоўжыцца да 21 жніўня, стануць юныя наведвальнікі прышкольных лагераў. Большасць мерапрыемстваў для іх пройдзе ў анлайн-фармаце. Гэта бяспечныя квізы, майстар-класы, віртуальныя экскурсіі па цэнтрах бяспекі, музеях і пажарных часцях, гульні “Дзе логіка?”, “Сакрэт бяспекі” і іншыя. На базе пажарнай часці запланавана правядзенне гульні “Школа юных ратавальнікаў”.
Мерапрыемствы абедзвюх акцый закрануць і актыўных карыстальнікаў сацыяльных сетак. На спецыялізаваных інтэрнэт-старонках будзе размешчана шмат цікавай і карыснай інфармацыі для карыстальнікаў любога ўзросту.
Ілья ЦІКУНОЎ,
старшы інжынер РАНС.