У паўсядзённым жыцці нам даводзіцца дакранацца да многіх прадметаў: поручняў, дзвярных ручак, мабільнага тэлефона і шмат якіх іншых.
Усе яны могуць быць заражаныя рознымі інфекцыямі. Менавіта таму мыццё рук і выкарыстанне антысептыкаў трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё. Асабліва ў апошнія месяцы, у сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам, звязаным з COVID-19. Як жа засцерагчы ўласнае жыллё ад небяспечнага віруса?
Дэзынфекцыя дома
Умоўна на ўваходзе дома ці кватэры неабходна вылучыць зону рызыкі. Тут вы, як правіла, пакідаеце абутак, ключы, сумкі, акуляры, верхнюю вопратку, а значыць, і магчымасць існавання на гэтых прадметах інфекцый, у тым ліку каранавіруса, тут значна больш высокая. Адразу пасля ўваходу ў дом апрацуйце рукі і названыя рэчы дэзсродкамі. Такім чынам вы значна звузіце тэрыторыю, якая можа быць інфіцыравана.
Рэгулярна праводзьце звычайную вільготную ўборку памяшканняў. Асаблівую ўвагу надайце самым небяспечным месцам у доме: халадзільніку, мікрахвалёўцы, сталам, крэслам, дзвярным і ручкам шафаў, а таксама выключальнікам.
Гэтыя рэкамендацыі тычацца таксама тэлефонных апаратаў, пульта да тэлевізара, камп’ютарных клавіятур і іншых гаджэтаў. Абеззаражвайце таксама краны і кнопку спуску вады ўнітаза. Такую працэдуру неабходна праводзіць кожны дзень, а лепш некалькі разоў за суткі.
Яшчэ адна абавязковая ўмова эфектыўнай прафілактыкі вірусных інфекцый – рэгулярнае, не менш за два разы на дзень на працягу паўгадзіны, праветрыванне кватэры.
Асабістая гігіена
Мыць рукі з мылам неабходна не менш за 20 секунд пад праточнай вадой. Старанна працірайце вобласці паміж пальцамі і вакол пазногцяў.
Пасля вяртання з вуліцы абавязкова мяняйце вопратку. Памятайце, што ў кожнага члена сям’і павінны быць асобныя ручнікі і посуд. Частай змены патрабуе пасцельная бялізна, асабліва — навалачкі. Калі чалавек хварэе, на іх паверхні могуць заставацца інфіцыраваныя часцінкі. Мыйце сваю вопратку, калі гэта магчыма, пры тэмпературы 60 °С.
Ларыса ВАРАВА,
інструктар-валеолаг райЦГЭ.