Ім давераны дзіцячыя лёсы

Праблемамі падлеткаў займаюцца супрацоўнікі шматлікіх арганізацыйі ўстаноў, але аб’ядноўвае іх адно – клопат пра будучае дзяцей: каб яны выраслі добрымі грамадзянамі сваёй краіны і не ўступалі ў канфлікт з законам.

Свой унёсак у гэту важную агульную справу ўносіць інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС. У чэрвені яе работнікі адзначаюць чарговую гадавіну – 85 гадоў з часу ўтварэння.

За гэтыя гады мяняліся назвы падраздзялення, яго структура, але задача заўсёды заставалася ранейшай – дапамагаць падлеткам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

У цяперашні час служба ІСН РАУС складаецца з трох супрацоўнікаў.

Начальнік інспекцыі Анатоль ЛІІТАЕЎ на службе ў органах унутраных спраў знаходзіцца з верасня 2007 года. На пасадзе начальніка ІСН працуе тры гады.

– У цяперашні час супрацоўнікі інспекцыі праводзяць iндывiдуальную прафiлактычную работу з 24 непаўналетнімі. Да кожнага з іх трэба знайсці асаблівы падыход. Асабіста для сябе вызначыў першапрычыну падлеткавага недабрабыту. Большасць праблем пачынаецца ад недастатковага кантролю бацькоў, – гаворыць Анатоль Анатольевіч. – Гэта не значыць, што за кожным дзіцём павінен быць татальны кантроль. Але ж бацькі павінны заўсёды ведаць, дзе і з кім знаходзяцца іх сын або дачка. Важна яшчэ чым-небудзь зацікавіць падлетка. Калі дзеці наведваюць аб’яднанні па інтарэсах або спартыўныя секцыі, у іх не будзе матывацыі рабіць правапарушэнні.

Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Алена Галубцова праблемамі падлеткаў Бялыніччыны займаецца са снежня 2016 года. Па яе словах, асабліва ўразлівы ўзрост для падлеткаў 14-16 гадоў. Хлопчыкам і дзяўчынкам хочацца быць дарослымі, толькі часта сваю самастойнасць яны пачынаюць праяўляць няправільна. Напрыклад, спрабуюць ужываць спіртное. Адсюль недалёка да хуліганства, крадзяжоў і іншых злачынстваў.

Дарэчы, менавіта распіццё алкаголю ў грамадскіх месцах і дробныя крадзяжы з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі правапарушэннямі ў падлеткавым асяроддзі.

Святлана ПАТАПЕНКА, спецыяліст 1 катэгорыі ІСН РАУС, працуе з сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падлеткі ў такіх сем’ях растуць ва ўмовах антысанітарыі, не ў поўнай меры забяспечаны прадуктамі харчавання, бескантрольныя, іх бацькі злоўжываюць алкаголем… Сямейны недабрабыт з’яўляецца адной з прычын супрацьпраўных паводзін непаўналетніх.

– Супрацоўнік ІСН выконвае функцыю не толькі міліцыянера. Ён і псіхолаг, і педагог, і бацька, а дзесьці – таварыш, – гаворыць Анатоль Літаеў. – Наша задача заключаецца не ў выяўленні злачынства і пакаранні падлетка, а ў тым, каб працягнуць яму руку дапамогі, зрабіць так, каб у будучыні з праблемнага падлетка вырас самастойны грамадзянін. Дзеля гэтага мы пастаянна праводзім прафілактычныя мерапрыемствы, падтрымліваем цеснае супрацоўніцтва са спецыялістамі іншых зацікаўленых служб – РАНС, ЦРБ, педагогамі ўстаноў адукацыі. Працаваць з дзецьмі вельмі адказна. А супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх давераны далёка не простыя дзіцячыя лёсы.

                                 Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

                                   Фота з архіва ІСН РАУС.

Print Friendly, PDF & Email