З той пары, калі апошні раз давялося пабываць у магазіне райспажыўтаварыства, што ў в. Эсьмоны, а было гэта даўно, тут шмат што змянілася. Пасля праведзенага некалькі гадоў таму рамонту гандлёвая кропка ператварылася ў, так бы мовіць, сапраўдны сельскі міні-маркет.
Прасторная гандлёвая зала, зручны рэжым працы, шырокі асартымент тавараў робяць магазін прывабным для пакупнікоў, колькасць якіх у летні перыяд дасягае да паўтысячы ў дзень.
Вось ужо на працягу 13 гадоў з перапынкам на дэкрэтны адпачынак у магазіне працуе Святлана МАЎЧУН. Жанчына тут, як кажуць, чалавек свой. У Эсьмонах яна нарадзілася і вучылася. Пасля заканчэння магілёўскага кааператыўнага вучылішча і ўладкавалася прадаўцом у гандлёвую кропку побач з домам.
У асноўным, Святлана Міхайлаўна робіць тут адна – яна і загадчыца, і прадавец, і бухгалтар, і грузчык. А ў летні перыяд раз на тыдзень да яе далучаецца памочніца – прадавец Старасельскага магазіна Галіна СЕМАШКЕВІЧ. І гэта вельмі дарэчы. У звычайны дзень у гандлёвую кропку прыходзяць каля ста чалавек, а летам, калі па шляху на Заазерскае возера тут спыняюцца адпачываючыя, гэта лічба ўзрастае ў чатыры, а то і ў пяць разоў.
Святлана Міхайлаўна добра ведае, як зрабіць так, каб кожны, хто завітаў у магазін, застаўся задаволены:
– Умець знаходзіць агульную мову з усімі пакупнікамі: і дзіцю дагадзіць, і бабулю не пакрыўдзіць… А яшчэ быць заўсёды ветлівай і добразычлівай, сустракаць кожнага пакупніка з усмешкай – вось і ўвесь сакрэт, – усміхаецца Святлана Маўчун. – Да таго ж, стараюся заўсёды выконваць пажаданні кожнага наконт наяўнасці таго ці іншага тавара і, калі ён адсутнічае, яго абавязкова даставяць у магазін.
Вольга НАБОКАВА.
Фота аўтара.