На базе ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”прайшоў семінар па выкананні патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі пры ўборцы і перапрацоўцы ўраджаю.
На семінары прысутнічалі першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Міхаіл ДЗЯМІДАЎ, начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ, кіраўнікі, намеснікі і інжынеры па ахове працы сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
Віталь Воранаў звярнуў увагу прысутных на неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі падчас уборачнай кампаніі і прывёў прыклады негатыўных наступстваў іх ігнаравання ў мінулыя гады. Старшы інспектар ІНіП РАНС Юрый МАРОЗАЎ больш падрабязна распавёў аб усіх патрабаваннях пажарнай бяспекі:
– зернесушыльныя комплексы, якія працуюць на цвёрдым і вадкім паліве, павінны быць забяспечаны парашковымі вогнетушыцелямі масай 4 кг і 8 кг;
– у месцах уборкі ўраджаю неабходна арганізаваць дзяжурства членаў пажарных дружын, забяспечаных пажарнай аварыйна-выратавальнай ці іншай, прыстасаванай для тушэння пажару, тэхнікай і трактарам з плугамі;
– пры ўборцы ўраджаю неабходна своечасова ачышчаць ад саломы дэталі і вузлы камбайнаў, уборачных машын;
– на тарфяніках сельскагаспадарчага выкарыстання забаронена размяшчэнне заправачных пунктаў, пляцовак для рамонту і стаянкі тэхнікі;
– перамяшчэнне збожжаўборачных камбайнаў неабходна праводзіць групамі ў суправаджэнні пажарнай аварыйна-ратавальнай альбо іншай, прыстасаванай для тушэння пажару, тэхнікі.
Каб не адбылося няшчасных выпадкаў, усім працаўнікам сельскай гаспадаркі трэба памятаць, што выкананне правіл пажарнай бяспекі – абавязак кожнага, ад строгага захоўвання якіх залежыць захаванасць новага ўраджаю.
Ілля ЦІКУНОЎ,
старшы інжынер РАНС.